Святы Пасад арганізаваў цыркавое прадстаўленне для бедных |
Дзяржава Ватыкан
|
16.01.2016 20:38 |
14 студзеня ў Рыме прайшло дабрачыннае цыркавое прадстаўленне для бяздомных, бежанцаў і групы зняволеных, арганізаванае італьянскім цыркавым калектывам «Роні Ролер» (Rony Roller Circus) у супрацоўніцтве з Апостальскай элемазінарыяй.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел каля дзвюх тысяч чалавек.
Выступленне пачалося з песні, прысвечанай Святому Айцу, у выкананні аднаго з бяздомных. Яна стала своеасаблівай малітвай падзякі Пантыфіку за гэты дабрачынны жэст, які гаворыць аб жаданні Папы Францішка быць блізка да кожнага з прысутных на прадстаўленні.
Наведвальнікі мерапрыемства мелі магчымасць бясплатна атрымаць неабходную медыцынскую кансультацыю і дапамогу, якую ім аказвалі супрацоўнікі ватыканскай медыцынскай службы. Пасля цыркавой праграмы ім быў прапанаваны таксама невялікі пасілак.
Папа Францішак, звяртаючыся да работнікаў цырка падчас спецыяльнай аўдыенцыі ў 2015 г., адзначаў, што людзі, якія паказваюць цыркавыя нумары, ствараюць прыгажосць, карысную для душы. «Як моцна нам неабходная прыгажосць!» – падкрэсліў Пантыфік. Для найбольш бедных і патрабуючых падобныя мерапрыемствы становяцца патрымкай у змаганні з жорсткасцю і цяжкасцямі жыцця.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|