У Ватыкане прэзентавалі Кангрэсы Міласэрнасці |
Дзяржава Ватыкан |
19.01.2016 16:33 |
На еўрапейскім узроўні форум адбудзецца ў Рыме з 31 сакавіка па 4 красавіка 2016 года, а на сусветным – на Філіпінах з 16 па 20 студзеня 2017 года. У праграме рымскага форума прадугледжана малітоўнае чуванне на плошчы св. Пятра, якое пройдзе 2 красавіка з удзелам Пантыфіка, а таксама святая Імша ў Нядзелю Божай Міласэрнасці. 1 красавіка вернікам будзе прадстаўлена асаблівая магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння: у некалькіх вызначаных касцёлах Рыма святары будуць спавядаць на працягу ўсяго дня. У Апостальскіх Кангрэсах прымуць удзел не толькі хрысціяне, але і вызнаўцы ісламу, якія падзеляцца сваім разуменнем Божай Міласэрнасці. Адной з тэм рымскага форума стане міграцыя. «Зараз, перад вялікім выклікам мігрантаў і бежанцаў, існуе рызыка таго, што кожны схаваецца за сваімі межамі, што зноў будуць узведзены бар’еры і сцены. Жалезная завеса зноў існуе: іншым чынам, але існуе зноў. Гэта велізарны выклік: мы зноў знаходзімся перад хваляй неанацыяналізму ў Еўропе», — сказаў прысутны на прэзентацыі ў Ватыкане кардынал Крыстаф Шонбарн. Арцыбіскуп Вены выказаў спадзяванне, што еўрапейскія біскупы прыйдуць да адзінага меркавання па гэтым пытанні. Упершыню Апостальскі Кангрэс Міласэрнасці быў праведзены ў 2008 годзе ў рымскай базыліцы св. Яна на Латэране. Ля вытокаў гэтай ініцыятывы стаяць чатыры кардыналы: польскі – Станіслаў Дзівіш, літоўскі – Аўдрыс Бачкіс, філіпінскі – Луіс Антоніо Тагле і французскі – Жан-Луі Таран. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (MV) |