Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Швейцарская гвардыя Папы адзначыла 510-ю гадавіну заснавання
Дзяржава Ватыкан
25.01.2016 14:33

Кожны год у студзені маленькая, але высокапрафесійная армія, якая атрымала тытул «Абаронцаў свабоды Касцёла», святкуе дзень нараджэння.

З XV стагоддзя ў шматлікіх войнах швейцарцы заваявалі сабе славу лепшых у Еўропе і самых верных пехацінцаў-наймітаў. У беднай горнай краіне служба ў чужых арміях фактычна стала самым прыбытковым заняткам для той моладзі, якой не хапала зямлі ці працоўных месцаў у гарадах.


У 1503 годзе Папа Юлій ІІ пачаў перамовы са Швейцарскай Канфедэрацыяй пра стварэнне атраду з 200 швейцарскіх наймітаў, і 22 студзеня 1506 года першая частка швейцарцаў увайшла ў Рым. Гэты дзень і лічыцца датай заснавання гвардыі, якая сваёй крывёй даказала вернасць.

Падчас штурма Рыма 6 мая 1527 года да самай смерці біліся 147 швейцарцаў, якія сталі заслонам, каб даць Папу Кліменту VII час адступіць у ватыканскі замак св. Анёла. Усе яны загінулі. Выжылі толькі тыя 42 гвардзейца, якія суправаджалі Пантыфіка. Цяпер у гэты дзень кожны год адбываецца прысяга новых швейцарскіх гвардзейцаў.

Прайшлі стагоддзі, Швейцарыя цалкам забараніла сваім грамадзянам служыць у замежных арміях, аднак выключэннем стала гвардыя Святога Пасаду — гонар Швейцарыі і Касцёла.


Дагэтуль салдатам на службе Святога Айца можа стаць толькі мужчына-католік і грамадзянін Швейцарыі, які атрымаў падрыхтоўку ў швейцарскай арміі і размаўляе на нямецкай мове. Аднак не выключана, што калісьці там будуць служыць і жанчыны, казаў некалькі гадоў таму камандуючы гвардыяй Даніэль Анрыг.

«Я прысягаю, што верна, сумленна і шляхетна буду служыць Вярхоўнаму Пантыфіку Францішку і яго законным спадкаемцам, а таксама аддам ім усю сваю моц, ахвяруючы, калі спатрэбіцца, жыццё, каб абараніць іх», — гаворыцца ў прысязе гвардзейца.

Хоць зараз гвардыя часцей за ўсё асацыюецца з цырыманіяльнай параднай формай, даспехамі і алебардамі, насамрэч швейцарцы атрымліваюць дасканалую баявую падрыхтоўку ў сферы захавання бяспекі.


Яны таксама маюць сучасную аўтаматычную зброю, а ў 1943 годзе, калі Рым захапіла нямецкая армія, узброіліся вінтоўкамі і занялі пазіцыі ў Ватыкане на выпадак спробы нацыстаў захапіць Святога Айца Пія ХІІ.

«Зацята і верна» — дэвіз швейцарскіх добраахвотнікаў, якія ўжо 510 гадоў бароняць Святы Пасад сваім жыццём.

Аляксандр Гелагаеў

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.