Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Пасад у АБСЕ пра важнасць памяці ахвяр Халакосту
Дзяржава Ватыкан
27.01.2016 11:05

Успамін пра Халакост, а таксама знішчэнне цыган і іншых груп людзей заклікае да больш глыбокай пашаны да годнасці кожнага чалавека, адзначыў кс. прэлат Януш Урбанчык, прадстаўнік Апостальскай Сталіцы ў Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе, у ходзе сустрэчы, прымеркаванай да Міжнароднага дня памяці ахвяр Халакосту.

Пасяджэнне прайшло ў штаб-кватэры АБСЕ ў Вене. Звяртаючыся да яго ўдзельнікаў, прадстаўнік Святога Пасаду заўважыў, што Халакост нагадвае аб тым, што вынікам непрызнання ўсіх людзей часткай адной сям’і і закрытасці перад бліжнімі і чужынцамі можа стаць дэгуманізацыя.



Памяць пра Халакост, па словах святара, працягвае заклікаць да рашучай адмовы ад ідэалогій, якія пагарджаюць чалавечай годнасцю. Сёння, з аднаго боку, існуе выкарыстанне Божага імя для апраўднання насілля супраць нявінных людзей, а з іншага – цынізм, які дэманструе пагарду да Бога і высмейвае веру ў Яго, заўважыў святар.

Па словах кс. прэлата Януша Урбанчыка, натуральная годнасць кожнага чалавека — гэта тая прычына, па якой ніводзін рэжым ці ідэалогія не могуць ставіць адных людзей вышэй за іншых.

Узгадваючы пра 50-годдзе дэкларацыі Другога Ватыканскага Сабору «Nostra Aetate» пра адносіны Касцёла да нехрысціянскіх рэлігій, кс. Урбанчык падкрэсліў, што Апостальская Сталіца плануе рашуча працягваць сваю дзейнасць, накіраваную супраць любых форм антысемітызму.

Напрыканцы сваёй прамовы святар нагадаў словы Папы Францішка, прамоўленыя падчас візіту ў рымскую сінагогу, пра «6 мільёнаў людзей, якія толькі па прычыне сваёй прыналежнасці да яўрэйскага народа сталі ахвярамі самага бесчалавечнага варварства, здзейсненага ў імя ідэалогіі, што хацела замяніць Бога чалавекам», і пра «мінулае, якое павінна служыць урокам для сучаснасці і будучыні».

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.