Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папярэднія вынікі Года Міласэрнасці падведзены ў Ватыкане
Дзяржава Ватыкан
01.02.2016 00:10

Можна сказаць, што Юбілей Міласэрнасці жыве ва ўсім свеце, на ўзроўні кожнага мясцовага Касцёла, адзначыў 29 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Ватыкане арцыбіскуп Рына Фізікела, старшыня Папскай рады па новай евангелізацыі, галоўнага арганізатара юбілейных мерапрыемстваў.

Пацвярджэннем гэтаму, па словах іерарха, служаць тысячы фотаздымкаў і дакументаў з шматлікіх краін, якія атрымлівае дыкастэрыя.

На працягу двух месяцаў трывання Юбілею ў Рым прыбыло 1 392 000 пілігрымаў. 40% з іх з-за мяжы: з Бангладэш, Ганконга, Карэі, Кеніі, Мазамбіка, Сальвадора, Новай Зеландыі, Аргенціны, Мексікі, Фіджы, Расіі, Беларусі, Сейшэльскіх астравоў, Кот-д’Івуара, Чада, Кувейта, ЗША, Албаніі і многіх іншых краін. Але Святы Год выходзіць далёка за рамкі лічбаў, сказаў арцыбіскуп Рына Фізікела: ён пакліканы закрануць сэрцы і розумы людзей і дапамагчы ім зразумець Божую міласэрнасць.

Беспрэцэдэнтнай падзеяй у рамках Юбілею арцыбіскуп назваў прыбыццё ў Рым рэліквій двух святых – Леапольда Мандзіча і айца Піо. Саркафагі, якія змяшчаюць рэліквіі, даставяць у Вечны горад 3 лютага, і спачатку яны будуць выстаўлены ў касцёле Сан-Ларэнца-Фуоры-ле-Мура. 5 лютага рэліквіі будуць перанесены ў базыліку св. Пятра, дзе прабудуць да 11 лютага.

Ватыканскі іерарх нагадаў, што яшчэ адной важнай падзеяй, якая будзе мець месца ў Папяльцовую сераду, стане пасланне Пантыфікам Місіянераў міласэрнасці. Гэта будуць святары, што атрымаюць паўнамоцтвы на адпушчэнне грахоў, зарэзерваваных Апостальскай Сталіцай. Іх прызначае сам Папа, не біскуп, каб былі прапаведнікамі прыгажосці Божай міласэрнасці і пакорнымі і мудрымі спаведнікамі. Місіянеры паходзяць з усіх кантынентаў, іх больш за 1000, паведаміў арцыбіскуп Фізікела.

Іерарх дадаў, што 30 студзеня Папа Францішак правядзе першую спецыяльную агульную аўдыенцыю, прымеркаваную да Года Міласэрнасці.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.