Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Духоўныя лекі» раздалі вернікам на ватыканскай плошчы
Дзяржава Ватыкан
21.02.2016 17:02

21 лютага пасля нядзельнай малітвы «Анёл Панскі» вернікам, прысутным на плошчы св. Пятра ў Ватыкане, былі раздадзены «духоўныя лекі» – «Мізэрыкардзін» (ад лац. мisericordia – міласэрнасць).

Гэта стылізаваныя пад упаўкоўку лекаў скрыначкі з ружанцам, абразікам Езуса Міласэрнага і інструкцыяй па выкарыстанні «медыцынскага сродку». Падобная акцыя ўжо праходзіла на ватыканскай плошчы 17 лістапада 2013 г.

Сёлета было распаўсюджана каля 40 тыс. упаковак «Мізэрыкардзіну». Раздавалі іх, акрамя валанцёраў, супрацоўнікаў ватыканскіх структур і членаў іх сем’яў – бедныя, бяздомныя і бежанцы, аб якіх клапоціцца Апостальская элемазінарыя. Ініцыятарам правядзення акцыі выступіў Папскі элемазінарый арцыбіскуп Конрад Краеўскі.

У інструкцыі да «медыцынскага сродку» гаворыцца, што «Мізэрыкардзін» – духоўныя лекі, якія спрыяюць павелічэнню міласэрнасці ў душы. Яна прыходзіць праз сардэчны спакой, радасць і жаданне распаўсюджваць дабро, а эфектыўнасць «лекаў» гарантававана словамі самога Езуса.

Гэты сродак неабходна выкарыстоўваць пры жаданні сустрэць Божую міласэрнасць ці навярнуцца з грахоў, пры адчуванні патрэбы ў дапамозе перад абліччам цяжкіх сітуацый, калі не хапае сіл для барацьбы са спакусамі ці адвагі, каб прабачыць бліжняму, калі існуе жаданне міласэрнасці для паміраючага ці імкненне падзякаваць Богу за атрыманыя ласкі.

Ужываць «лекі» неабходна прынамсі адзін раз у дзень, але ў залежнасці ад сітуацыі дазваляецца і больш. Духоўны сродак падыходзіць, як дзецям, так і дарослым. Перад «ужываннем» неабходна знайсці ціхае месца, напрыклад пакой ці касцёл, укленчыць, супакоіцца, паглядзець на абраз Езуса Міласэрнага, зрабіць знак крыжа і сказаць: «Езу, давяраю Табе». Затым прамовіць Вяночак да Божай Міласэрнасці. У інструкцыі дакладна прапісана, як гэта зрабіць. Адзначаецца, што «лекі» не маюць супрацьпаказанняў, могуць ужывацца з іншымі малітвамі, а звароты да святых толькі ўмацоўваюць іх эфектыўнасць.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.