Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Айцец Фэдэрыко Ламбардзі завяршае служэнне на Ватыканскім радыё ў межах рэформы СМІ Святога Пасаду
Дзяржава Ватыкан
23.02.2016 10:29

З 1 сакавіка айцец Фэдэрыко Ламбардзі SJ перастане займаць пасаду генеральнага кіраўніка Ватыканскага радыё, хоць надалей застанецца кіраўніком Залы друку Апостальскай Сталіцы.

Aб гэтым гаворыцца ў спецыяльным паведамленні Сакратарыяту па камунікацыі Апостальскай Сталіцы, апублікаваным 22 лютага.

У ім адзначаецца, што новыя генеральны і адміністратыўны кіраўнікі Ватыканскага радыё прызначацца не будуць.

Абавязкі прававога прадстаўніка і адміністратыўнага кіраўніка Ватыканскага радыё часова будзе выконваць італьянскі юрыст Джакама Гізані, які да гэтага часу з’яўляецца намеснікам кіраўніка Генеральнай дырэкцыі Сакратарыяту па камунікацыі і доўгі час працаваў у якасці кіраўніка Прававога аддзелу і Аддзелу па міжнародных адносінах Ватыканскага радыё.  

Айцец Фэдэрыко Ламбардзі быў праграмным дырэктарам Ватыканскага радыё з 1991 года, а генеральным дырэктарам з 2005 года. Ён завяршае сваё служэнне на гэтай пасадзе пасля чарговага пяцігадовага тэрміну.

Паводле паведамлення Сакратарыяту, персанальныя змены на Ватыканскім радыё з’яўляюцца часткай праекту рэформы медыйных структур Апостальскай Сталіцы, якая прадугледжвае іх больш шырокую інтэграцыю.


У 1939 годзе Ватыканскае радыё, заснаванае ў 1931 г., упершыню перадало ў прамым эфіры апостальскае благаслаўленне Папы Пія ХІІ на дзевяці мовах.

Адзначаецца, што з 1 студзеня гэтага года на ўзроўні адміністравання і менеджменту былі аб’яднаны Папская рада па сродках масавай камунікацыі і Зала Друку Апостальскай Сталіцы. На працягу гэтага года будзе адбывацца працэс аб’яднання Ватыканскага радыё і Ватыканскага тэлевізійнага цэнтра.

Працэс інтэграцыі ватыканскіх СМІ тычыцца Папскай рады па сродках масавай камунікацыі, Залы Друку Апостальскай Сталіцы, Ватыканскай інтэрнэт-службы, Ватыканскага радыё, Ватыканскага тэлевізійнага цэнтра, газеты «L’Osservatore Romano», Ватыканскай тыпаграфіі, Ватыканскай фатаграфічнай службы, Ватыканскага выдавецтва.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (АлГ)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.