Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Ватыкан і Італія адзначылі гадавіну Латэранскіх дамоваў
Дзяржава Ватыкан
25.02.2016 09:58

Дзяржаўны Сакратар Папы кардынал П’етро Паралін і прэм’ер-міністр Італіі Матэо Рэнцы абмеркавалі міжнародную сітуацыю і пацвердзілі цёплыя, сяброўскія адносіны паміж Апостальскай Сталіцай і Італьянскай Рэспублікай. Яны сустрэліся 23 лютага з нагоды святкавання чарговай гадавіны Латэранскіх пагадненняў.

Гэтыя дамовы былі падпісаны 11 лютага 1929 г. тагачаснымі Дзяржсакратаром кардыналам П’етро Гаспары і прэм’ер-міністрам Італіі Беніто Мусаліні. Пагадненні вырашылі спрэчныя пытанні паміж Святым Пасадам і Італіяй і далі пачатак існаванню суверэннай Дзяржавы Ватыкан.

Падчас дыскусій узгадвалася пра адну з самых актуальных тэм італьянскай палітыкі: праект закона аб магчымасці ўсынаўлення дзяцей аднаго з партнёраў іншым у аднаполых парах і прыраўнівання грамадзянскіх саюзаў да сужэнства паміж мужчынам і жанчынай, які разглядаецца італьянскімі дэпутатамі. Гэтая тэма, аднак, толькі ўзгадвалася, але не абмяркоўваўся.

«Гэта была важная і значная падзея. Я думаю, што ёсць шмат пытанняў, па якіх наша супрацоўніцтва з’яўляецца надзвычай плённым і пазітыўным, але, як вядома, у адносінах да грамадзянскіх саюзаў пазіцыі паміж італьянскім урадам і Канферэнцыяй Біскупаў Італіі па многіх пытаннях не супадаюць», — заявіў пасля сустрэчы Матэо Рэнцы. Палітык падкрэсліў, аднак, што італьянскі ўрад з павагай ставіцца да меркавання епіскапату краіны.

У ходзе сустрэчы абмяркоўваліся пытанні міжнароднага парадку дня. Бакі размаўлялі аб сітуацыі ў Міжземнамор’і, а таксама аб драматычных падзеях у Сірыі, пагадзіўшыся адносна «важнасці дасягнення дамоўленасці аб спыненні агню ў гэтым рэгіёне».

Падкрэслівалася роля Касцёла і намаганняў Папы ў дапамозе мігрантам; былі разгледжаны праблемы прыватных школ. Вядома, што ў прыватных школах вучацца многія інваліды, аднак школы не атрымліваюць на іх субсідый.

Да прыватных у Італіі адносяцца таксама каталіцкія школы. У ходзе сустрэчы абмяркоўвалася развіццё фіскальнага пагаднення і рэформы, якія тычацца служэння вайсковых капеланаў.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (MV)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.