Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Ватыкан: колькасць святароў у Еўропе зніжаецца, а ў Афрыцы расце
Дзяржава Ватыкан
07.03.2016 11:28

За апошнія дзевяць гадоў колькасць ахрышчаных католікаў у свеце расла больш хуткімі тэмпамі (14,1 працэнта), чым колькасць насельніцтва планеты (10,8 працэнта). Такую выснову можна зрабіць згодна з данымі, апублікаванымі Цэнтральнай статыстычнай службай Святога Пасаду ў штогодніках «Annuario Pontificio» на 2016 г. і «Annuarium Statisticum Ecclesiae» за 2014 г.

23 працэнта католікаў — у Еўропе

У 2014 г. у свеце жыло 1 272 мільёны вернікаў каталіцкай канфесіі. У Еўропе пражывала 23 працэнты сусветнай каталіцкай супольнасці (амаль на 3 працэнты менш, чым дзевяццю гадамі раней).

У 2014 годзе на афрыканскім кантыненце пражывала 17 працэнтаў католікаў свету, што на 3 працэнты больш, чым у 2005 г. Амерыка засталася кантынентам, дзе пражывае амаль палова ахрышчаных католікаў свету. На азіяцкім кантыненце з 60 працэнтаў сусветнага насельніцтва католікі складалі ў 2014 г. 11 працэнтаў. Стабільнай застаецца статыстыка ў Акіяніі, дзе католікі складалі 0,8 працэнтаў ад агульнай колькасці насельніцтва свету.

Колькасць біскупаў узрасла

У перыяд з 2005 па 2014 гг. колькасць біскупаў ва ўсім свеце павялічылася з 4 841 да 5 237 чалавек. Самы вялікі рост адбыўся ў Азіі – на 14,3 працэнта.

Агульная колькасць святароў павялічылася ў перыяд паміж 2005 і 2014 гг. на 9 381. Прычым на асобных кантынентах дынаміка вельмі розная. Лічбы значна ўзраслі ў Афрыцы (+ 32,6 працэнта), Азіі (+ 27,1 працэнт) і знізіліся ў Еўропе больш чым на 8 працэнтаў і Акіяніі на 1,7 працэнта. Статыстыка сведчыць аб тым, што пасля ўстойлівага росту колькасці прэзбітэрскіх пасвячэнняў да 2011 г. у апошнія гады назіраецца яе павольнае зніжэнне.

Даныя Цэнтральнай статыстычнай службы Святога Пасаду сведчаць аб розным развіцці каталіцтва на кантынентах. Еўропа паступова губляе цэнтральнае месца ў якасці эталоннай мадэлі; тут назіраюцца адносна вялікія тэмпы старэння насельніцтва і нізкі ўзровень нараджальнасці. Паўночная і Лацінская Амерыка прэтэндуюць на тое, каб пераняць, прынамсі, часткова, першынства ў Еўропы, на «другім месцы» — Афрыка і Азія.

У перыяд 2005-2014 гадоў колькасць святароў знаходзілася на ўздыме, хоць трэба адзначыць значнае павелічэнне колькасці дыяцэзіяльных і прыкметнае зніжэнне колькасці святароў-манахаў. Стагнацыя ў Еўропе кампенсуецца прагрэсам у Афрыцы і Азіі.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.