«Галасы веры»: жанчыны распавядаюць у Ватыкане пра свой удзел у працы Касцёла |
Дзяржава Ватыкан |
08.03.2016 10:44 |
Кожны год 8 сакавіка Святы Пасад збірае жанчын, якія ўмацавалі Касцёл праз сваю ініцыятыву, сілу волі і лідарскія якасці. «Галасы веры» даюць магчымасць удзельніцам падзяліцца сваімі сапраўднымі гісторыямі адданасці, смеласці і радасці, а слухачам і гледачам даведацца, якія магчымасці і перамогі дае шчырае служэнне Богу. На сайце Voicesoffaith.org можна паслухаць сведчанні жанчын, пачынаючы з першага мерапрыемства, якое адбылося ў 2014 годзе. «Галасамі» 2016 года будуць жанчыны, якія змагаюцца за справядлівасць на ўсіх кантынентах: змагаюцца з сучасным нявольніцтвам, дапамагаюць бедным і бяздомным, навучаюць моладзь, будуюць жыццяздольныя мясцовыя супольнасці ў праблемных рэгіёнах, працуюць у СМІ. Пра Каталіцкі Касцёл часам кажуць, што гэта пераважна жаночая супольнасць, якой кіруюць мужчыны. І ў гэтым ёсць частка праўды. Аднак смелыя і ініцыятыўныя жанчыны-каталічкі паказваюць усім, што яны з Божай дапамогай здольныя дабівацца свайго, даваць прыклад змагання за дабро і гуляць у містычным Целе Хрыстовым актыўную, у тым ліку кіруючую, ролю. Аляксандр Гелагаеў паводле англійскай рэдакцыі Ватыканскага радыё і Voicesoffaith.org |