Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Каталіцкім Касцёле з’явяцца новыя святыя і благаслаўлёныя
Дзяржава Ватыкан
09.03.2016 11:13

Двое новых святых, двое благаслаўлёных і восем Слугаў Божых з'явяцца ў Каталіцкім Касцёле. 3 сакавіка Папа Францішак падчас сустрэчы з прэфектам Кангрэгацыі па справах Кананізацыі кардыналам Анджэло Амата ўхваліў адмысловыя дэкрэты.

Дэкрэты аб прызнанні цудаў адкрываюць шлях да кананізацыі біскупа Мануэля Ганзалеса Гарсіі, «апостала Эўхарыстыі», заснавальніка некалькіх манаскіх супольнасцяў і эўхарыстычнага таварыства, які падвяргаўся пераследу ў перыяд грамадзянскай вайны ў Іспаніі, а таксама французскай кармэлітанкі Элізабеты ад Тройцы, якая пражыла ўсяго 26 гадоў, ахвяруючы свае пакуты, выкліканыя хваробай, за збаўленне душаў.

Таксама дакументы, аўтарызаваныя Пантыфікам, адкрываюць шлях да беатыфікацыі французскага кармэліта Марыо Эўджэніо ад Дзіцятка Езуса, заснавальніка Інстытута Маці Божай Жыцця, і аргенцінскай законніцы Марыі Антоніі ад святога Юзафа, заснавальніцы езуіцкага рэкалекцыйнага дома ў Буэнас-Айрэсе.

Папа таксама ўхваліў дэкрэты аб прызнанні гераічнасці цнотаў васьмі новых Слугаў Божых: швейцарскага салезіяніна Стэфана Феранда, іспанскай законніцы Марыі Ньевес ад Святой Сям’і і некалькіх італьянцаў: біскупа і місіянера Энрыке Батыста Станіслао Вер’юса, дыяцэзіяльных святароў Джавані Батыста Квілічы і Бернарда Маціа, францішканіна Квірыча Піньальберы і дзвюх законніц: Тэадоры Кампастрыні і Бьянкі Пікаламіні Клементыні.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.