Святы Пасад заклікаў ААН да абароны свабоды веравызнання |
Дзяржава Ватыкан |
10.03.2016 12:02 |
Падчас пасяджэння Рады па правах чалавека ААН Ватыкан адзначыў «недахоп палітычнай волі з боку разнастайных інстытутаў міжнароднай супольнасці» ў справе абароны права на рэлігійную свабоду. «Прыніжэнне той сутнаснай ролі, якую рэлігія адыгрывае ва ўсіх грамадствах, не можа быць адказам на сучасныя выклікі», — сказаў выконваючы абавязкі кіраўніка пастаяннай місіі Святога Пасаду пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе мансеньёр Рычард Джыра. «Мы жывём у свеце, у якім праходзіць глабалізацыя тэхнакратычнай парадыгмы. Гэты працэс свядома імкнецца стварыць аднамерную аднастайнасць і знішчыць усе адрозненні і традыцыі ў павярхоўным пошуку адзінства», — дадаў мансеньёр Джыра. «Рэлігіі маюць права і абавязак казаць пра магчымасць пабудовы грамадства здаровага плюралізму, які паважае адрозненні і цэніць іх... Крытычна важна, каб да людзей усіх рэлігійных перакананняў ці атэістаў ставіліся аднолькава, без дыскрымінацыі і пераследу», — сказаў прадстаўнік Святога Пасаду. Паводле англійскай рэдакцыі Ватыканскага радыё (АлГ) |