Больш кантролю: зменены парадак кіравання грашовымі актывамі кананізацыйных працэсаў |
Дзяржава Ватыкан |
11.03.2016 09:18 |
Пантыфік ухваліў 4 сакавіка новае «Палажэнне аб кіраванні актывамі спраў беатыфікацыі і кананізацыі». Дакумент адмяняе ранейшыя нормы, зацверджаныя Янам Паўлам II 20 жніўня 1983 г. Кожная беатыфікацыя і кананізацыя звязана з вялікім аб’ёмам працы на дыяцэзіяльным і рымскім узроўнях, падрыхтоўкай самой урачыстасці беатыфікацыі або кананізацыі, што прадугледжвае адпаведныя выдаткі, гаворыцца ва ўступе да Палажэння. 1. Ініцыятар беатыфікацыйнага (кананізацыйнага) працэсу павінен стварыць фонд кіравання грашовымі актывамі працэсу беатыфікацыі (кананізацыі) Першы пункт гаворыць аб патрэбе стварэння ініцыятарам беатыфікацыйнага або кананізацыйнага працэсу адмысловага фонду па кіраванні актывамі, звязанымі з ім. Дакумент характарызуе яго як «фонд для пабожных спраў». Калі ініцыятар працэсу мае намер выкарыстаць частку сродкаў для мэтаў, не звязаных з працэсам, ён павінен атрымаць дазвол Кангрэгацыі па справах Кананізацыі. За фондам павінен весціся адміністрацыйны нагляд. І ў трэцім пункце новага Палажэння дакладна вызначаюцца асобы, якія могуць і павінны яго весці. 2. Кангрэгацыя па справах Кананізацыі можа ў любы момант запатрабаваць фінансавую справаздачу Той, хто здзяйсняе нагляд, павінен рабіць штогадовую рэвізію фонду, зацвярджаць бюджэт справы і адпраўляць копію ў Кангрэгацыю па справах Кананізацыі, якая можа ў любы час запатрабаваць любую фінансавую інфармацыю і звязаную з гэтым дапаможную дакументацыю, правяраць бюджэт і справаздачнасць, ажыццяўляць падчас рымскага перыяду кантроль за ўзносамі і любымі іншымі выдаткамі. Куды пойдуць не выкарыстаныя ў працэсе грошы? Пасля кананізацыі Кангрэгацыя ад імя Апостальскай Сталіцы мае права выкарыстаць сродкі, якія засталіся ў фондзе, з улікам пажаданняў ініцыятара працэсу і ў патрэбах «Фонду салідарнасці». Пасля гэтага фонд перастае існаваць. Новае Палажэнне будзе дзейнічаць «ad experimentum» на працягу трох гадоў. |