Пра што распавядае рэкалекцыяніст на рэкалекцыях з Папам Рымскім? |
Дзяржава Ватыкан |
11.03.2016 11:40 |
Эрмэс Марыя Ронкі, італьянскі законнік, праводзіць велікапосныя рэкалекцыі для Папы Рымскага і супрацоўнікаў Рымскай курыі ў італьянскім Арыча ў прыгарадзе Рыма. Духоўныя практыкаванні з удзелам Пантыфіка пачаліся 8 сакавіка. У сваім разважанні прапаведнік заўважае, што Езус — гэта Бог жыцця, якому не абыякавы боль і слёзы людзей. Святар нагадаў пра евангельскую сцэну сустрэчы Уваскрослага Хрыста з Марыяй Магдаленай і пытанне, скіраванае да яе: «Жанчына, чаго ты плачаш? Каго шукаеш?» (Ян 20, 15). Паводле слоў рэкалекцыяніста, Хрыстус ніколі «не шукае граху асобы, але заўсёды пахіляецца над болем і патрэбамі». Навучыцца жэстам Езуса можна, углядаючыся ў прыклад добрага самараніна, які ўбачыў параненана, спыніўся і аказаў яму дапамогу. «Бачыць, спыняцца і дакранацца — гэта тры словы, аб якіх нельга забываць ніколі», — сказаў айцец Ронкі. Сапраўднае спачуванне, дадаў прапаведнік, з’яўляецца не абстрактнай і шляхетнай думкай, але фізічным учынкам: добры самаранін вучыць нас не праходзіць міма, як рабілі святар і левіт. Жыццёвая мудрасць важней за кніжную «Сапраўдная розніца ляжыць не паміж хрысціянінам, мусульманінам ці юдэем. Сапраўдная розніца не паміж тым, хто верыць і хто не верыць. Сапраўдная розніца паміж тым, хто спыняецца перад ранамі і хто праходзіць міма. Калі я правяду прынамсі адну гадзіну, суцяшаючы боль чалавека, буду ведаць яго больш, буду больш мудрым за таго, хто прачытаў усе кнігі. Буду валодаць жыццёвай мудрасцю», — сказаў прапаведнік. Падчас вечаровай канферэнцыі 9 сакавіка рэкалекцыяніст падкрэсліў, што Божае прабачэнне — гэта «сапраўдная любоў», якая падштурхоўвае чалавека стаць «лепшым з таго, кім ён можа стаць». Чалавек не роўны свайму граху Каментуючы евангельскае апавяданне пра грэшніцу, якой прабачыў Езус, прапаведнік падкрэсліў, што крывадушнікі і аматары асуджаць іншых адчужаюць Бога і Яго міласэрнасць і ўяўляюць сабой «трагедыю рэлігійнага фундаменталізму». Хвароба, з якой Езус змагаўся найбольш, - гэта «каменнае сэрца» крывадушнікаў, адзначыў святар. «Насілле над целам, вінаватым ці нявінным, з дапамогай камянёў і ўлады, з’яўляецца непрыняццем Бога, які жыве ў гэтай асобе», — сказаў рэкалекцыяніст. Святар падкрэсліў, што ў цэнтры евангельскага апавядання пра грэшніцу знаходзіцца не грэх, а «Бог, большы за нашыя сэрцы», які, нягледзячы на правіны, дазваляе чалавеку «сыйсці з таго месца, дзе ён спыніўся». «Езус ведае, што чалавек не роўны свайму граху. Яго не цікавіць мінулае. Ён — "Бог будучыні"», — заключыў прапаведнік. |