Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа на пенсіі Бэнэдыкт XVI: «Людзі ў большасці перасталі турбавацца пра збаўленне»
Дзяржава Ватыкан
17.03.2016 12:20

Папа на пенсіі Бэнэдыкт XVI упершыню з моманту сыходу на пенсію даў інтэрв'ю. Размова на тэму веры і любові была апублікавана ў газеце Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Італіі «Avvenire».

Хрысціянская вера не можа быць толькі персанальнай, яна абавязкова павінна злучаць чалавека з Касцёлам, адзначыў Пантыфік на пенсіі.

«З аднаго боку, вера — гэта глыбока асабістая сувязь з Богам, якая даходзіць да самага сэрца і наўпрост дазваляе размаўляць з жывым Богам, любіць Яго, уваходзіць з Ім у кантакт, — сказаў Бэнэдыкт XVI. — З іншага боку, гэты вельмі асабісты досвед неад'емна звязаны з супольнасцю. Стаць адным з дзяцей Божых у еднасці братоў і сясцёр — гэта сутнасны элемент веры».

Вера Касцёла як прылада для ўратавання чалавека знікла са свядомасці большасці людзей, лічыць Папа на пенсіі:

«Сённяшні чалавек... больш не лічыць, што яму трэба апраўдацца перад Богам, ён лічыць, што Бог павінен апраўдвацца за жахлівыя падзеі ў свеце, за чалавечыя пакуты. Людзі ў большасці перасталі турбавацца пра збаўленне».

У той жа час, адзначыў Бэнэдыкт XVI, у свядомасці працягвае існаваць чаканне літасці і прабачэння з боку Бога.

«Для мяне гэта "знак гэтага часу", што ідэя Божай міласэрнасці робіцца ўсё больш цэнтральнай і дамінуючай — з часоў святой сястры Фаўстыны (Кавальскай), погляды якой у значнай ступені адлюстроўваюць погляды сучаснага чалавека і імкненне да Божай ласкі. Папа Ян Павел ІІ быў глыбока закрануты гэтым імпульсам... Толькі праз міласэрнасць заканчваецца жорсткасць, зло і насілле», — распавядае Пантыфік на пенсіі.

Па словах Бэнэдыкта XVI, Папа Францішак таксама цалкам наследуе гэтую тэндэнцыю.


«У рэшце рэшт людзі ведаюць, што ім патрэбна Божая міласэрнасць і літасць. У турботах сучаснага свету асабліва расце чаканне ўратавання праз бескарысную любоў... Цяпер можна нанова інтэрпрэтаваць фундаментальныя асновы веры — дактрыну апраўдання — праз Божую міласэрнасць», — сказаў Бэнэдыкт XVI.

Пантыфік на пенсіі адзначыў, што ідэя роўнай вартасці розных рэлігій абсалютна непрымальная з пункту гледжання Касцёла.

Пашырэнне падобных ідэй у часы пасля Другога Ватыканскага Сабору дрэнна адбіваецца на місіянерскай актыўнасці католікаў і зніжае жаданне саміх хрысціян жыць у адпаведнасці з каталіцкім ідэалам, дадаў Бэнэдыкт XVI.

Аляксандр Гелагаеў паводле Avvenire.it, Katholisches.info, Catholicculture.org

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.