Прайшлі чарговыя слуханні па «Vatileaks 2» аб распаўсюджванні канфідэнцыйнай інфармацыі з Ватыкана |
Дзяржава Ватыкан |
17.03.2016 14:05 |
У Трыбунале Дзяржавы Ватыкан працягваюцца слуханні ў рамках працэсу па абнародаванні і распаўсюджванні канфідэнцыйных паведамленняў і дакументаў. На лаве падсудных — тры ватыканскія супрацоўнікі: кс. Лусіо Вальеха Бальда, Франчэска Шаўкі і Нікола Маё. Яны абвінавачваюцца ў стварэнні злачыннай арганізацыі, накіраванай на распаўсюджванне інфармацыі і дакументаў, якія датычацца істотных інтарэсаў Апостальскай Сталіцы. Акрамя таго, сярод падсудных два журналісты: Джанлуіджы Нуццы і Эміліяно Фiціпальдзі. Яны абвінавачваюцца ў здзяйсненні ціску з мэтай атрымання сакрэтных дакументаў. Адзін з абвінавачаных, кс. Вальеха Бальда, знаходзіцца пад арыштам у будынку Ватыканскай жандармерыі. Гэтая прэвентыўная мера была выкарыстана ў сувязі з яго спробамі фальсіфікаваць доказы і парушэннем забароны кантактаў са знешнім асяроддзем. Раней іспанскі святар знаходзіўся пад хатнім арыштам. У ходзе слуханняў кс. Вальеха Бальда прызнаўся ў перасылцы ў электронным выглядзе канфідэнцыйнай інфармацыі, падкрэсліўшы, што ніколі не перадаваў дакументаў на паперы, а менавіта ў такой форме захоўваюцца самыя важныя дакументы. Ён прызнаўся, што Франчэска Шаўкі і яе муж аказвалі на яго ціск, таму ён адчуваў пагрозу. Менавіта яны прадставілі яму італьянскіх журналістаў. Святар паведаміў таксама, што з-за адсутнасці дастатковай бяспекі ў кабінетах Прэфектуры эканамічных спраў Апостальскай Сталіцы Пантыфіка папрасілі выдзеліць пакой у Доме св. Марты для захоўвання там найбольш важных дакументаў Камісіі па вывучэнні рэформы эканамічна-адміністрацыйнай структуры Святога Пасаду, створанай Папам Францішкам у ліпені 2013 г., а затым распушчанай пасля выканання мандату. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU) |