Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Дзяржаўны Сакратар Папы: Юбілейны Год павінен прынесці мір у Сірыю
Дзяржава Ватыкан
18.03.2016 07:24

Дзяржаўны Сакратар Папы Францішка кардынал П’етро Паралін выказаў пажаданне, каб Юбілейны Год Міласэрнасці меў наступствы і для палітычнай сферы, у прыватнасці, каб паспрыяў спыненню вайны ў Сірыі. Аб гэтым іерарх сказаў падчас наведвання выставы «Antiquorum habet» аб гісторыі Святых Юбілеяў у Касцёле.

Выстава была адкрыта 15 сакавіка 2016 г. у Рыме. У мерапрыемстве прыняў удзел таксама старшыня Сената Італьянскай Рэспублікі П'етро Граса.

«Мы вельмі горача жадаем, каб Святы Год меў наступствы і на палітычным узроўні, у сэнсе спынення вайны ў Сірыі. Для людзей гэтая сітуацыя з’яўляецца нязноснай. Невымоўныя пакуты гэтага народа павінны рэхам адбіцца ў нашых сэрцах і сэрцах палітыкаў», — сказаў Дзяржаўны Сакратар.

Кардынал П'етро Паралін выказаў спадзяванне на добрыя вынікі мірных перамоў у Жэневе і станоўча ацаніў вывад расійскіх войскаў з Сірыі. «Пабачым, ці змогуць гэтыя апошнія дзеянні, выйсце Расіі, прывесці да прагрэсу ў перамовах і дасягненні палітычнага рашэння», — дадаў іерарх.

Бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца нагадаў, што 18 сакавіка здзейсніць візіт у Македонію, падчас якога сустрэнецца з бежанцамі.

Выстава «Antiquorum habet» будзе працягвацца да 1 мая. Яна дае магчымасць наведвальнікам пазнаёміцца з гісторыяй Святых Юбілеяў, пачынаючы ад першага, які прайшоў у 1300 г., да нашых дзён. Тут прадстаўлены манускрыпты, старажытныя і сучасныя друкаваныя кнігі, часопісы і буклеты, фотаздымкі з архіву Сената Італьянскай Рэспублікі. Кардынал П'етро Паралін назваў выставу «знакам увагі» да Святога Года, які пажадаў абвясціць Папа Францішак.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.