Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Рэкалекцыі для Папы і супрацоўнікаў Рымскай курыі: пра «экуменізм сустрэчы і прымірэння сэрцаў»
Дзяржава Ватыкан
18.03.2016 22:43

Усё падштурхоўвае нас ісці наперад у аднаўленні адзінства паміж католікамі і пратэстантамі, сказаў айцец Раньера Канталамеса падчас пятага велікапоснага казання, з якім 18 сакавіка звярнуўся да Папы Францішка і супрацоўнікаў Рымскай курыі ў межах рэкалекцый.

Святар нагадаў, што хрысціянскі свет рыхтуецца да ўспаміну 500-годдзя Рэфармацыі. «Сутнасна важна для ўсёй будучыні Касцёла не змарнаваць гэту нагоду застаючыся нявольнікамі мінулага», таму што Бог «вылівае свайго Духа і свае дары на вернікаў розных Цэркваў, нават тых, якіх мы лічым найбольш далёкімі ад нас», лічыць а. Раньера Канталамеса.

«Існуюць хрысціяне, з абодвух бакоў, якіх трэба пераконваць, што вайна – скончылася, што рэлігійныя войны паміж католікамі і пратэстантамі – скончаны. Нам трэба шмат рабіць, замест таго, каб весці войны адзін супраць аднаго. Свет забыўся або ніколі не пазнаў свайго Збаўцу, Таго, які з’яўляецца святлом свету, Богам з намі, дарогай, праўдай і жыццём, а мы губляем час, палемізуючы паміж сабой», – сказаў прапаведнік.

Айцец Канталамеса нагадаў, што старыя супярэчнасці паміж католікамі і пратэстантамі, напрыклад, адносна навучання аб апраўданні, былі пераадолены. Сёння, аднак, неабходна зрабіць яшчэ адзін крок наперад.

«Апраўданне праз веру ў Хрыста павінна прапаведвацца ўсім Касцёлам сёння і з большым запалам, чым раней. Аднак больш не ў якасці супрацьлегласці “добрым учынкам”, што з’яўляецца вырашанай і пераадоленай праблемай, але насуперак прэтэнзіі сучаснага секулярызаванага свету на магчымасць збаўлення сваімі сіламі, праз уласную навуку, тэхніку або прыдуманую сабой духоўнасць. Я перакананы, што калі б сёння былі жывымі Лютэр, Кальвін і іншыя рэфарматары, яны б такім чынам прапаведвалі бескарыснае апраўданне праз веру!» – адзначыў італьянскі капуцын.

Папскі прапаведнік заўважыў, што сёння разам з «дактрынальным экуменізмам» усё больш развіваецца «экуменізм сустрэчы і прымірэння сэрцаў». Гэта «шлях да адзінства, заснаваны на любові», і ён «ужо адкрыты перад намі», сказаў святар.

Напрыканцы айцец Канталамеса падкрэсліў, што хрысціяне могуць па-сапраўднаму зблізіцца паміж сабой толькі тады, калі стануць бліжэй да Хрыста.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.