Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Ватыканскі астраном: «Навука можа быць актам богаслужэння»
Дзяржава Ватыкан
21.03.2016 10:11

Дырэктар Ватыканскай абсерваторыі бр. Гі Кансальмагна SJ кажа, што вывучэнне метэарытаў ніяк не супярэчыць яго каталіцкай веры.

Існуе ілжывае супрацьпастаўленне навукі і рэлігіі, хоць яны абедзве маюць шмат агульнага, сказаў брат Гі падчас лекцыі ў амерыканскім Brigham Young University.

Па словах астранома, як навука, так і рэлігія заснаваны на супольнасцях, якія займаюцца агульнай працай і перадаюць веды наступным пакаленням.

Відавочна, што Богу «падабаецца, што людзі збіраюцца, каб разам спяваць, танчыць, маліцца і атрымліваць новыя веды. Гэта Бог супольнасцяў», кажа навуковец, дадаючы, што як навука, гэтак і рэлігія выкарыстоўваюць розум, але не адмаўляюцца ад інтуіцыі і натхнення.

Яшчэ адну рысу Бога як Асобы, па словах астранома, мы можам зразумець праз той факт, што сусвет быў створаны як разумнае месца. Тут існуюць законы, якія могуць быць зразумелыя істотам, што жывуць у створаным Богам свеце.

«Навукай варта займацца для таго, каб бачыць Бога, быць там, дзе мы можам штосьці пра Яго зразумець... Для навукі патрэбна адчуванне велічы (стварэння), таму што Бог — велічны», — адзначыў брат Гі Кансальмагна.


«Вы займаецеся навукай не дзеля грошай, улады ці дзеля дзяўчат — для мяне гэта не спрацавала. Вы — навукоўцы, бо навука дае радасць, да якой вы імкнецеся. І калі вы падумаеце, то гэта менавіта тая радасць, якую дае малітва, таму навука з'яўляецца актам богаслужэння», — дадаў ён.

Ватыканская абсерваторыя была заснавана ў 1774 годзе ў Рыме, а зараз навуковая група абсерваторыі працуе ў ЗША ў штаце Арызона, дзе лепшыя ўмовы для астранамічных назіранняў.

Брат Гі Кансальмагна SJ нарадзіўся ў ЗША, вучыўся і працаваў у знакамітым Масачусецкім тэхналагічным інстытуце і іншых навуковых установах, а потым далучыўся да езуітаў. Займаецца вывучэннем сувязі паміж метэарытамі, астэроідамі, а таксама эвалюцыяй малых касмічных аб'ектаў, мае больш за 200 навуковых публікацый.

Аляксандр Гелагаеў паводле Nwcatholic.org, Vaticanobservatory.va

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.