Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Ватыкане з’явілася скульптура «Езуса бяздомнага»
Дзяржава Ватыкан
23.03.2016 15:23

У Ватыкане ўсталявалі бронзавую скульптуру Езуса, прадстаўленага ў выглядзе бяздомнага чалавека, які ляжыць на лаўцы, загорнуты коўдрай. Тое, што гэта Езус, можна распазнаць па нагах, прабітых цвікамі.

 

Праца канадскага скульптара Цімаці Шмальца размешчана ля ўваходу ў Папскую элемазінарыю, структуру, якая ад імя Пантыфіка займаецца дабрачыннасцю.

 

Першы варыянт скульптуры з’явіўся ў 2013 г. каля факультэта тэалогіі «Regis College» у Таронта. Затым бронзавыя копіі былі адліты ў розных месцах свету: у Аўстраліі, Індыі, Ірландыі, Іспаніі, Злучаных Штатах, на Кубе. У хуткім часе «Езус бяздомны» з’явіцца ў Аргенціне, Чылі, Бразіліі, Мексіцы, Паўднёвай Афрыцы, Польшчы.

У Рыме ўжо ёсць адна скульптура Цімаці Шмальца, якая прадстаўляе Езуса ў выглядзе жабрака. Яна знаходзіцца ля галоўнага ўваходу ў бальніцу «Santo Spirito».

Даведка:

Цімаці Шмальц — сучасны канадскі скульптар, чые працы вызначаюцца надзвычайнай эмацыйнасцю, што робіць іх асабліва блізкімі гледачу, які праз гэтую эмацыйнасць здольны лепш адчуць не боскасць, але чалавечнасць біблійных асобаў, у тым ліку Хрыста.

Скульптуру «Езуса бяздомнага» скульптар зрабіў пад уплывам аднаго выпадку з уласнага жыцця.

Аднойчы на Божае Нараджэнне ён убачыў чалавека, які спаў на рагу адной з найбольш ажыўленых вуліц Таронта. Было складана зразумець, быў гэта мужчына ці жанчына пад складкамі старога пакрывала, але першая думка, якая прамільгнула ў Цімаці, была такой: «Гэта ж Езус!»


Думка не засталася толькі думкай, але ўвасобілася ў скульптуры «бяздомнага Езуса», пра якую большасць мастацтвазнаўцаў магла б з упэўненасцю сказаць: «Твор цалкам не адпавядае традыцыйным уяўленням рэлігійнага мастацтва!»

Сапраўды, Езус Шмальца, як тыповы бяздомны, ляжыць на лаўцы ў парку. Яго твар і рукі схаваны пад пакрывалам, адзінае, што выдае ў Ім боскасць, — раны на нагах ад цвікоў.

Сам Шмальц у маладосці перажыў складаныя часы. На працягу некалькіх гадоў яму давялося спаць на драўлянай лаўцы старога склада, у якім не было ані ацяплення, ані водаправода.

Езуса мастак вырашыў зрабіць такім, бо жадаў, каб Бог стаў блізкім і зразумелым усім, асабліва людзям, якія згубілі ў сваім жыцці амаль усё і засталіся на «дне».

Матэрыял па тэме: «Святая Сям’я ў скульптурах Цімаці Шмальца з Канады»

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.