Папскі элемазінарый правёў «дабрачынны» Крыжовы шлях |
Дзяржава Ватыкан
|
26.03.2016 18:50 |
Увечары 25 сакавіка Папскі элемазінарый арцыбіскуп Конрад Краеўскі адначасова з Крыжовым шляхам, які праходзіў з удзелам Папы Францішка ў рымскім Калізеі, правёў незвычайны Крыжовы шлях: разам з валанцёрамі іерарх адправіўся на вуліцы Рыма, каб наведаць бяздомных.
Як паведаміла Прэс-служба Апостальскай Сталіцы, гэты Крыжовы шлях меў больш за сто «стацый». Бяздомныя, якія спалі пад адкрытым небам на вуліцах Вечнага горада, атрымалі спальныя мяшкі і невялікія падарункі ад Святога Айца. «Цэлебрацыя» скончылася далёка за поўнач.
Папская элемазінарыя, якая паклікана ад імя Святога Айца займацца дабрачыннасцю, ад самага пачатку пантыфікату Папы Францішка паставіла акцэнт на дапамозе бяздомным, таму «дабрачынны» Крыжовы шлях адбываецца не ўпершыню. Так, у Вялікую пятніцу 2014 г. арцыбіскуп Краеўскі накіраваўся на цэнтральны рымскі чыгуначны вакзал «Тэрміні» і блізкія да яго вуліцы, дзе сустрэў каля сотні бедных і бяздомных, якім раздаў віншавальныя паштоўкі ад Папы. У кожную з іх было ўкладзена па 40-50 еўра. На Божае Нараджэнне 2013 г. Папа Францішак праз свайго элемазінарыя перадаў рымскім бяздомным білеты на грамадскі транспарт і тэлефонныя карткі.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|