Святы Пасад аб тэракце ў Пакістане: «Нягледзячы на праявы нянавісці, Хрыстус дае нам надзею» |
Дзяржава Ватыкан |
29.03.2016 17:09 |
Смяротнік зладзіў ва ўсходнепакістанскім горадзе выбух каля ўваходу ў парк, паблізу дзіцячага сектара і білетных кас. У выніку выбуху, па апошніх даных, загінула больш за 70 чалавек, з іх 23 дзіцяці. Больш за 300 чалавек атрымалі раненні, у тым ліку 56 дзяцей. Яны шпіталізаваны ў розныя клінікі горада, дзе не хапае месцаў. «Выбіраючы такое месца, ён разлічваў на максімальную колькасць ахвяр», — адзначылі ў мясцовай паліцыі. «Чарговы раз баязлівая смяротная нянавісць бязбожна буяніць сярод найбольш уразлівых асобаў. Разам з Папам, які быў праінфармаваны аб гэтай падзеі, мы молімся за ахвяр, мы блізкія да параненых, пацярпелых сем’яў, іх вялікага болю, да хрысціянскай меншасці, чарговы раз пацярпелай ад фанатычнага гвалту, і да ўсяго церпячага пакістанскага народу. Як ужо сказаў Святы Айцец, нягледзячы на такія страшныя праявы нянавісці, Укрыжаваны Хрыстус увесь час дае нам мужнасць і надзею, неабходныя для будаўніцтва шляхоў спачування, салідарнасці з тымі, хто пакутуе, дыялогу, справядлівасці, прымірэння і міру», — адзначыў кіраўнік Прэс-службы Святога Пасаду. Два дні таму Папа Францішак, заклікаючы да малітвы за пацярпелых у тэракце, сказаў, што «гвалт і забойчая нянавісць вядуць выключна да болю і знішчэння». Пантыфік чарговы раз нагадаў, што «павага і братэрства — гэта адзіны шлях для дасягнення міру». Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (MV) |