Святы Пасад: жанчыны могуць паспрыяць міру ў Афрыцы |
Дзяржава Ватыкан |
31.03.2016 13:09 |
Сярод сямнаццаці мэтаў, якія ААН прапануе дасягнуць да 2030 года, узгадваецца «спрыянне пабудове міралюбівых і адкрытых грамадстваў у інтарэсах устойлівага развіцця». Але гэта яшчэ «далёкі сон» для «многіх краін Афрыкі, асабліва для Рэгіёна Вялікіх азёраў», якому жанчыны могуць дапамагачы стаць рэальнасцю, перакананы ватыканскі дыпламат. «Апостальская Сталіца, — патлумачыў арцыбіскуп Бэрнардыто Ауса, — высока цэніць ініцыятывы, прадпрынятыя Радай Бяспекі ААН і ўрадамі, на карысць большага прызнання жыццядайнай ролі жанчын у прэвентыўнай дыпламатыі, пасярэдніцтве, працэсах будавання і захавання міру, але лічыць, што гэтае прызнанне павінна цалкам ператварыцца ў дзеянні, каб даць свабоду кампетэнцыям і здольнасцям, якія належаць жанчынам, і вывесці парадак з хаосу, адзінства з падзелаў і мір з канфліктаў». Жанчыны маюць асаблівы дар навучання людзей чуласці і ўвазе да патрэбаў іншых, што фундаментальна важна ў вырашэнні канфліктаў і спрыянні прымірэнню пасля іх, дадаў іерарх. Таму Касцёл падтрымлівае праз розныя ініцыятывы жанчын, якія ў Афрыцы бароняць самых слабых, прадухіляюць падзелы, клапоцяцца пра ахвяраў вайны, умацоўваюць крохкі мір, спрыяюць абароне фундаментальных правоў чалавека. Паводле прадстаўніка Святога Пасаду, павелічэнне колькасці жанчын на палітычных і дыпламатычных пасадах можа дапамагчы Афрыцы, асабліва ў справе гарантавання ўсім жанчынам магчымасці атрымання адукацыі, сферы, у якой Каталіцкі Касцёл актыўна задзейнічаны. Арцыбіскуп Ауса заўважыў, што многія жанчыны працягваюць падвяргацца насіллю і вымушаны весці сапраўдную барацьбу, каб выйсці са стану маргіналізацыі, адчужэння і пакінутасці. Дыпламат закрануў праблему гвалтавання жанчын падчас узброеных канфліктаў, злоўжыванняў, якім яны падвяргаюцца ў лагерах для бежанцаў, гандлю з мэтай іх далейшага сексуальнага выкарыстання, абортаў, прымусовых навяртанняў і шлюбаў. Іерарх звярнуўся да міжнароднай супольнасці з заклікам пакласці канец «гэтым варварскім дзеянням супраць жанчын і дзяўчат». Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU) |