У Ватыкане пачалося пасяджэнне Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу |
Дзяржава Ватыкан |
11.04.2016 14:45 |
Сустрэчы гэтага кансультатыўнага органу маюць рэгулярны характар. Сёлета кардыналы збіраюцца ўжо ў другі раз. Падчас папярэдняй нарады, якая праходзіла ў Ватыкане 8-9 лютага, галоўнай тэмай было развіццё «калегіяльнасці» ў Касцёле са спасылкай на «неабходнасць дзейнічаць у здаровай дэцэнтралізацыі». Менавіта гэта, на думку кардыналаў, «з’яўляецца важным арыенцірам для рэфармавання працы Рымскай курыі». Падчас мінулай сустрэчы адбылося таксама «фінальнае» абмеркаванне прапановы заснавання двух новых ватыканскіх ведамстваў. Першае павінна заняцца пытаннямі свецкіх вернікаў і сямейнага жыцця, а другое — пытаннямі справядлівасці і міру, а таксама міграцыі. Святому Айцу былі ўручаны прапановы для прыняцця ім канчатковага рашэння. Гаворка на лютаўскай нарадзе ішла таксама пра два іншыя ватыканскія ведамствы: Дзяржаўны сакратарыят і Кангрэгацыю Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў. Кардыналы прадставілі свае меркаванні і прапановы адносна паляпшэння іх працы. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (MV) |