«Мы павінны пераадолець састарэлае меркаванне, пра тое, што сацыяльныя медыя не маюць вялікага значэння», — адзначыў мансеньёр Дарыё Вігано, прэфект Сакратарыята па камунікацыі Апостальскай Сталіцы.
Сацыяльныя сеткі даюць магчымасць «пашырыць нашы супольнасці, развіваць нашы магчымасці кантактаваць з людзьмі», лічыць манс. Дарыё Вігано, святар з вялікім досведам працы ў гэтай сферы.
«Бэнэдыкт XVI казаў, што жыццё ў інтэрнэце — апостальская справа. Мы павінны жыць у гэтых прасторах адказна, таму што інтэрнэт не з'яўляецца добрай ці дрэннай рэччу сам па сабе... Гэта проста прастора, якая адрозніваецца ад традыцыйных камунікацый», — звярнуў увагу прэфект Сакратарыята па камунікацыі.
Ксёндз Дарыё Вігано атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне ў 1987 годзе ў Італіі, потым працаваў у дыяцэзіяльным аддзеле па сувязях са СМІ, прысвяціў доктарскую працу гісторыі кіно. Як выкладчык розных універсітэтаў праводзіў заняткі па этыцы ў медыя, семіялогіі кіно і аўдыёвізуальных тэхналогіях, па семіётыцы і бізнес-камунікацыях.
«Велізарны поспех акаўнта Папы Францішка ў Instagram здзівіў многіх з нас, а таксама саму сацыяльную сетку, якая зрабіла спецыяльнае даследванне на гэты конт», — сказаў святар.
«Людзі хочуць бачыць Папу, хочуць, каб Папа быў з імі... Гэта адна з характарыстык усяго пантыфікату, што дапамагаюць падкрэсліць сацыяльныя медыя», — дадаў прэфект Сакратарыята па камунікацыі.
Мансеньёр Вігано параўнаў імгненнасць перадачы інфармацыі ў сацыяльных медыя з «хуткімі духоўнымі стрэламі, якія ляцяць у сэрца Бога».
«Я лічу, што сацыяльныя медыя сапраўды могуць дапамагчы прыняць Божую ласку», — адзначыў святар.
Аляксандр Гелагаеў паводле catholicnewsagency.com
|