15 красавіка ў Познані Дзяржаўны Сакратар Папы кардынал П’етро Паралін, папскі легат на святкаванні 1050-годдзя хросту Польшчы, выступіў на пасяджэнні польскага епіскапату.
Бліжэйшы супрацоўнік Папы Францішка заклікаў біскупаў быць людзьмі дыялогу і сустрэчы «з усімі, без выключэння», абвяшчаць Евангелле ўсім – без варожасці і страху. Таксама кардынал адзначыў, што Касцёл у Польшчы быў святлом у цемры, якая неаднаразова пакрывала Еўропу.
Госць з Ватыкана запэўніў у асаблівай сімпатыі Пантыфіка да краіны, народ якой носіць у сабе «пачуццё веры», падставай чаго з’яўляецца трывалая «евангельская духоўнасць пад заступніцтвам Марыі, Каралевы Польшчы». Іерарх падкрэсліў, што вернасць Богу, Евангеллю і Апостальскай Сталіцы «выклікала павагу і прызнанне іншых народаў, што робіць Касцёл у Польшчы апорай веры і хрысціянскай міласэрнасці».
Кардынал пажадаў польскім біскупам ісці «з пакорай і радасцю не толькі перад сваім народам, але і паміж людзьмі, услед за імі, каб паказаць дабрыню Бога, асабліва тым, хто па розных прычынах ідзе ззаду або аддаліўся».
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|