Ватыканскі дыпламат: вучыць моладзь талерантнасці |
Дзяржава Ватыкан |
21.04.2016 17:02 |
Ксёндз Януш Катлярчык падкрэсліў, што выхаванне, асабліва школьнае, з’яўляецца фундаментальным «для падтрымкі рэлігійнай талерантнасці і недыскрымінацыі, паколькі тычыцца каранёў феномену». Менавіта ў навучальных установах людзі павінны вучыцца адносінам з прадстаўнікамі іншых рэлігій, адзначыў святар. Школы пакліканы тлумачыць адметнасці паміж веравызнаннямі і дазваляць навучэнцам «ясна і свабодна дэманстраваць і выражаваць» сваю веру, а знаёмства з іншымі рэлігіямі «можа паменшыць непаразуменні і стэрэатыпы», сказаў прадстаўнік Апостальскай Сталіцы. Адукацыйныя праграмы павінны садзейнічаць большаму знаёмству, павазе да розных культур, народаў і рэлігій, вучыць павазе да правоў чалавека і фундаментальных свабодаў, а таксама грунтавацца на найвышэйшых каштоўнасцях, сярод якіх «годнасць кожнага чалавека і салідарнасць паміж людзьмі», падкрэсліў прадстаўнік Святога Пасаду. Дыпламат заклікаў краіны-члены АБСЕ «паважаць права бацькоў на рэлігійнае і этычнае выхаванне сваіх дзяцей, згодна з уласнымі перакананнямі», гарантаванае Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека. Навучанне ў публічных школах не можа навязваць пэўных вучэнняў, а вучні не павінны прымушацца наведваць заняткі «несумяшчальныя з перакананнямі іх бацькоў» - ім павінны стварацца альтэрнатывы, звярнуў увагу кс. Януш Катлярчык. Згодна з пазіцыяй Каталіцкага Касцёла асобы ўсіх рас, нацыянальнасцяў, веравызнанняў, полаў і ўзростаў маюць неад’емнае права на адукацыю, адпаведную іх лёсу, якая павінна спрыяць братэрскім адносінам дзеля будавання стабільных мультыэтнічных грамадстваў і сапраўднага адзінства і міру. Па словах прадстаўніка ватыканскай дыпламатыі, юнакі і дзяўчаты, выхаваныя ў павазе да нацыянальных і рэлігійных меншасцяў сёння, будуць «цаглінамі» ў будаванні мірных грамадстваў будучыні. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)
|