Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Ватыкане абмеркавалі тэму будучага Сінода Біскупаў
Дзяржава Ватыкан
22.04.2016 12:52

19-20 красавіка з удзелам Папы Францішка ў Ватыкане прайшло пасяджэнне Рады Генеральнага сакратарыяту Сінода Біскупаў. Між іншым на ім падкрэслівалася станоўчая рэакцыя мясцовых Касцёлаў у розных частках свету на выданне Апостальскай адгартацыі «Amoris Laetitia».

Удзельнікамі Рады былі прааналізаваны вынікі кансультацый, праведзеных з дыкастэрыямі Рымскай курыі, Канферэнцыямі Біскупаў, Усходнімі Касцёламі і Аб’яднаннем вышэйшых настаяцеляў адносна тэмы наступнай Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сінода Біскупаў. Пасля шырокай дыскусіі былі вылучаны некаторыя прапановы, якія будуць прадстаўлены для ацэнкі Святому Айцу.

Члены Рады працавалі над пераглядам «Ordo Synodi Episcoporum» (Парадак правядзення Сінода Біскупаў). У сувязі з гэтым біскуп Фабіо Фабэнэ, падсакратар Сінода Біскупаў, распавёў пра вучэбны семінар, спецыяльна арганізаваны Генеральным сакратарыятам, пасля прамовы Святога Айца ад 17 кастрычніка 2015 г. Члены Рады абмеркавалі гэтую тэму ў малых групах і падчас пленарнай сесіі прадставілі справаздачы аб праведзенай працы.

Справаздачы груп, між іншым, указалі на важнасць лучнасці паміж сінадальнасцю, калегіяльнасцю і служэннем Біскупа Рыма.

На заканчэнне дыскусій Папа Францішак падзякаваў членам Рады за іх працу і дух братэрскай еднасці падчас пасяджэння.

Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.