Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Па справе «Vatileaks 2» заслуханы першы сведка
Дзяржава Ватыкан
27.04.2016 22:05

26 красавіка ў Ватыкане адбылося чарговае пасяджэнне суда па справе распаўсюджвання канфідэнцыйных дакументаў, якая атрымала неафіцыйную назву «Vatileaks 2». Яно было цалкам прысвечана слуханню першага сведкі ў працэсе Стэфана Фралеоні, які догі час займаўся бухгалтарскім улікам у Прэфектуры эканамічных спраў Апостальскай Сталіцы.

Паказанні Фралеоні датычыліся ў большасці абвінавачанага кс. Вальеха Бальда, яго падыходу да супрацоўніцтва з Прэфектурай эканамічных спраў і кантактаў з падуладнымі. Сведка лічыць, што святар сваімі паводзінамі правакаваў існаванне «непрыемнага клімату» ў працоўных і міжчалавечых адносінах. У яго склалася ўражанне, што іншая абвінавачаная Франчэска Шаўкі «аказвала вялікі ўплыў» на кс. Вальеха Бальда.

Фралеоні паведаміў, што аднойчы кс. Вальеха Бальда пасля сустрэчы з Франчэскай Шаўкі паказаў яму флэш-карту з поўнай інфармацыяй пра так званую «справу Скарана», супрацоўніка Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы, які быў затрыманы італьянскімі праваахоўнымі органамі і абвінавачаны ў адмыванні грошай. Па словах Фралеоні, кс. Вальеха Бальда паказаў яму матэрыялы, якія можна было здабыць толькі ў Прэфектуры эканамічных спраў або італьянскай пракуратуры, «каб паказаць, што ён можа мець доступ да канфідэнцыйных дакументаў». Сведка зрабіў лагічную выснову, што матэрыялы былі перададзены святару жанчынай.

Фралеоні назваў «сур’ёзнай анамаліяй» рашэнне кс. Вальеха Бальда даручыць капіраванне вялікай колькасці фінансавых дакументаў трэцім асобам, што стала яблыкам разладу з супрацоўнікамі Прэфектуры. Ён не змог назваць прычын такога рашэння, але выказаў здагадку, што гэта было патрэбна для «экстраінстытуцыйнага выкарыстання».

Сведка адзначыў, што пасля прачытання кнігі Нуццы ў яго склалася ўражанне, што яго здымалі або падслухвалі, паколькі там апісаны жэсты, сітуацыі, дыялогі, якія мелі месца падчас розных асабістых і канфідэнцыйных размоў.

Фралеоні 29 кастрычніка 2015 г. быў адхілены ад выканання службовых абавязкаў у Прэфектуры эканамічных спраў за несумяшчальнасць гэтай працы з яго роляй у якасці старшыні Фонду Дзіцятка Езуса і старшыні Фонду айца Луіджы Монці.

Трэба нагадаць, што ватыканскі працэс датычыць абнародвання і распаўсюджвання канфідэнцыйных паведамленняў і дакументаў Святога Пасаду. У гэтым абвінавачваюцца пяць чалавек: кс. Лусіо Вальеха Бальда, Франчэска Шаўкі і Нікола Маё, былыя супрацоўнікі Камісіі па вывучэнні рэформы эканамічна-адміністрацыйнай структуры Святога Пасаду, створанай у ліпені 2013 г., а затым распушчанай пасля выканання мандату, а таксама журналісты Джанлуіджы Нуццы і Эміліяна Фiціпальдзі, якія падазраюцца ў здзяйсненні ціску з мэтай атрымання сакрэтных дакументаў і пазнейшай іх публікацыі ў фармаце кніг.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.