Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гітарыст U2 першым сярод рокераў выступіў у Сікстынскай капэле
Дзяржава Ватыкан
03.05.2016 11:05

Гітарыст ірландскага рок-гурта U2 Эдж (Дэвід Эванс) стаў першым рок-музыкантам, які выступіў у Сікстынскай капэле. Музыкант сыграў песні U2 і Леанарда Каэна для дзвюх соцень урачоў — удзельнікаў канферэнцыі па рэгенератыўнай медыцыне.

Пра гэта са спасылкай на Reuters паведамляе delfi.lt.

Сікстынская капэла — касцёл у Ватыкане, упрыгожаны фрэскамі Мікеланджэла. Сёння касцёл працуе як музей, у ім таксама праходзіць цырымонія абрання Папы Рымскага. Выступленне гітарыста U2 адбылося ў межах акцыі па прыцягненні ўвагі да барацьбы з ракам. Сам музыкант у мінулым месяцы страціў з-за гэтай хваробы бацьку, а яго дачка паспяхова вылечылася.

«Калі мне прапанавалі стаць першым сучасным артыстам, які выступіць у Сікстынскай капэле, я спачатку не ведаў, што адказаць, таму што ў нас звычайна спявае іншы хлопец», — паведаміў Эдж, маючы на ўвазе саліста U2 Бона. Эдж сыграў і заспяваў чатыры песні. Разам з ім выступіў і хор з шасці ірландскіх падлеткаў.

Музыкант падзякаваў Папу Францішку за дазвол выкарыстаць для выступлення «самую прыгожую касцёльную залу ў свеце». Ён назваў Пантыфіка «народным Папам» і выразіў надзею, што той яшчэ шмат чаго паспее зрабіць на гэтай пасадзе. Таксама Эдж пахваліў аўдыторыю, заявіўшы, што яна не губляецца пры слове «ангіягенэз», як яго звычайныя слухачы.

Гэтым тэрмінам абазначаецца працэс стварэння новых крывяносных сасудаў у органе або тканцы. Значна паскораны ангіягенэз лічыцца адной з прычын хуткага развіцця злаякасных пухлінаў.

delfi.lt, (IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.