Прэзідэнт Швейцарыі наведае Ватыкан |
Дзяржава Ватыкан |
06.05.2016 11:20 |
Прэзідэнт Швейцарыі Ёхан Шнайдэр-Аман будзе прысутнічаць 6 мая на ўрачыстасцях прысягі навабранцаў Швейцарскай гвардыі. На наступны дзень ён сустрэнецца з Папам Францішкам, а затым з сакратаром па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі арцыбіскупам Полам Рычардам Галахерам. У заяве швейцарскага ўраду паведамляецца, што падчас размоў з Пантыфікам і адным з кіраўнікоў ватыканскай дыпламатыі Прэзідэнт жадае абмеркаваць тэмы міграцыі ў Еўропе, пошуку міру на Блізкім Усходзе і прафілактыкі экстрэмізму ў свеце. Іншымі пытаннямі, якія хоча закрануць у Ватыкане швейцарскі лідар, будзе стан адносін паміж Швейцарыяй і Святым Пасадам, а таксама сітуацыя Каталіцкага Касцёла і іншых рэлігійных супольнасцяў у краіне. Сёння большасць навабранцаў Швейцарскай гвардыі абавязваюцца служыць на працягу двух гадоў. Яны нясуць адказнасць за асабістую ахову Папы і ажыццяўляюць кантроль за ўездам у Ватыкан. Таксама яны ахоўваюць Дом св. Марты, дзе зараз пражывае Святы Айцец. Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё, (IL) |