Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Дзяржаўны Сакратар Папы ў Літве: Спрыяць міру – важная частка задання Касцёла
Дзяржава Ватыкан
09.05.2016 18:08

Дыпламатыя і палітыка маюць патрэбу ў тым, каб быць прасякнутымі міласэрнасцю і здольнасцю ўздымацца над чалавечай мізэрнасцю, сказаў Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці кардынал П’етро Паралін у межах афіцыйнага візіту ў Літву.

9 мая бліжэйшы супрацоўнік Папы сустрэўся са студэнтамі і выкладчыкамі некаторых вільнюскіх ВНУ, прачытаўшы лекцыю аб дыпламатыі Апостальскай Сталіцы на службе міру ў свеце. Іерарх заўважыў, што ад Бэнэдыкта XV, пантыфікат якога пачаўся амаль праз месяц пасля пачатку Першай сусветнай вайны, да Папы Францішка дыпламатычная дзейнасць Пантыфікаў на карысць міру набывала ўсё большае значэнне.

Дыпламатыя Святога Пасаду – гэта не што іншае, як дыпламатыя самаго Папы, заўважыў Дзяржаўны Сакратар. Апостальская Сталіца ад самага пачатку ўдзельнічае ў працы міжнародных арганізацый і спрыяе трываламу міру, а таксама «павазе да правоў чалавека, у тым ліку праву на жыццё, праву на свабоду сумлення і веравызнання, гуманітарнаму праву, абароне навакольнага асяроддзя, разбраенню, належнаму клопату аб мігрантах і бежанцах, інтэгральнаму чалавечаму развіццю», дадаў іерарх. Уклад Святога Пасаду – маральны і духоўны, а «спрыяць міру – гэта не штосьці чужое місіі Касцёла», гэта «важная частка яго задання», сказаў кардынал.

Дзяржаўны Сакратар заўважыў, што Папа Францішак заклікае, каб палітыка і дыпламатыя імкнуліся да дасягнення не толькі хуткіх вынікаў, але, у першую чаргу, доўгатэрміновых. Ён настойвае на пераадоленні прыватных інтарэсаў і ўмацаванні культуры салідарнасці.

Раніцай 9 мая кардынал П’етро Паралін сустрэўся з Прэзідэнтам Літвы Даляй Грыбаўскайтэ, з рук якой атрымаў ордэн Вітаўта Вялікага. Вечарам іерарх накіруецца ў Эстонію, а 12 мая пачнецца яго двухдзённы візіт у Латвію.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.