Ватыканскае выдавецтва нагадае пра драму бежанцаў |
Дзяржава Ватыкан |
10.05.2016 16:37 |
Ватыканскае выдавецтва будзе прадстаўлена на Міжнародным кніжным салоне ў Турыне, які пройдзе 12-16 мая. Яго выставачны стэнд будзе займаць плошчу ў 110 квадратных метраў і змесціць каля 485 найменняў выданняў. У першую чаргу гэта будуць кнігі, звязаныя з дзейнасцю Пантыфікаў, галоўным чынам Папы Францішка: энцыклікі, адгартацыі, ранішнія гаміліі, катэхезы. Значная частка ватыканскай экспазіцыі будзе прысвечана кнігам, апублікаваным да Юбілею Міласэрнасці, а таксама выданням аб Святым Пісанні, гісторыі Касцёла, мастацтве, кананічным праве і дзейнасці розных структур Апостальскай Сталіцы. У межах турынскага салона будуць прадстаўлены дзве новыя публікацыі Ватыканскага выдавецтва, прысвечаныя аналізу мовы Папы Францішка і годнасці чалавечай асобы. Ватыканскі выставачны стэнд раскажа пра драму мігрантаў і бежанцаў. Ён будзе выкананы ў трох колерах: белым, жоўтым і блакітным — колерах сцяга Дзяржавы Ватыкан і мора. У цэнтры экспазіцыі размесціцца вялікі парусны човен і мноства маленькіх. Яны будуць сімвалізаваць Касцёл і бежанцаў, якія спрабуюць пераправіцца праз Міжземнае мора. На парусе вялікага чаўна змешчаны заклік Святога Айца: «Вяслуйце нават пры сустрэчным ветры. Вяслуйце, служачы Касцёлу. Будзем веславаць разам». Тут таксама размесцяцца фотаздымкі, звязаныя з візітам Папы Францішка на востраў Лампедуза 8 ліпеня 2013 г. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU) |