Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Ватыканскі банк прадставіў справаздачу за 2015 год
Дзяржава Ватыкан
12.05.2016 13:57

Інстытут рэлігійных спраў (Ватыканскі банк) працягвае дапамагаць Святому Айцу ў яго служэнні пастыра Паўсюднага Касцёла, гаворыцца ў апублікаванай 12 мая штогадовай справаздачы гэтай структуры Апостальскай Сталіцы.

Як адзначана ў дакуменце, капітал Інстытута рэлігійных спраў на 31 снежня 2015 г. складаў 654 млн. еўра з чыстым гадавым прыбыткам нета 16,1 млн. еўра. Аперацыйны прыбытак быў зафіксаваны на ўзроўні 42,8 млн. еўра. Гэта значна менш, чым у 2014 г.

Але Ватыканскі банк лічыць вынік задавольваючым, улічваючы няўстойлівасць фінансавых рынкаў, што асабліва адчувалася ў другім семестры 2015 г. Чысты прыбытак за 2015 г. уключыў у сябе таксама рэзервы для падатковых выплат і сродкі для закрыцця пытання, звязанага з інвестыцыямі, якія рабіліся ў мінулым.

Прадстаўленыя ў справаздачы даныя станоўча сведчаць пра новую інвестыцыйную стратэгію Інстытута рэлігійных спраў, якая пачала рэалізоўвацца напрыканцы 2014 года з мэтай зняцця рызык і рэалізацыі больш бяспечнага партфелю ўласнасці.

У перыяд паміж чэрвенем 2013 г. і снежнем 2015 г. былі закрыты 4 935 банкаўскіх рахункаў. На дадзены момант у Інстытута рэлігійных спраў 14 801 кліент. Сярод іх структуры Апостальскай Сталіцы і Ватыкана, манаскія супольнасці, каталіцкія ўстановы, прадстаўнікі духавенства, ватыканскія служачыя і члены дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага пры Святым Пасадзе.

75 працэнтаў кліентаў фінансавай структуры з’яўляюцца рэзідэнтамі Італіі і Ватыкана, 15 працэнтаў — Еўропы і 10 працэнтаў — іншых частак свету. У 2015 годзе Інстытутам рэлігійных спраў быў заключаны шэраг міжнародных пагадненняў з мэтай умацавання празрыстасці.

Для паляпшэння кіравання былі створаны дзве адмысловыя камісіі і прызначана новае кіраўніцтва. Амерыканская кампанія «Deloitte & Touche S.p.A» правяла тут шырокі фінансавы аўдыт.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё,

(MV)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.