Ірландскага святара, які ратаваў яўрэяў і ваеннапалонных падчас Другой сусветнай вайны, ушанавалі ў Ватыкане |
Дзяржава Ватыкан |
13.05.2016 09:30 |
Каля 6500 чалавек уратаваў у завірусе вайны ксёндз Х'ю О'Флаэрці, мемарыяльная дошка ў гонар якога была адкрыта ў Ватыкане на мінулым тыдні. Народжаны ў 1898 годзе святар перад Другой сусветнай вайной быў ватыканскім дыпламатам у Егіпце, Гаіці, Санта-Дамінга і Чэхаславакіі. Пасля пачатку ваенных дзеянняў ксёндз О'Флаэрці займаўся дапамогай ваеннапалонным, якія трапілі ў італьянскія лагеры, і шукаў у іх тых, чый лёс быў невядомы сваякам. У 1943 годзе, калі паўночная частка Італіі фактычна патрапіла пад нямецкую акупацыю, святар арганізаваў сетку сховішчаў для ваеннапалонных і яўрэяў у прыватных кватэрах, сялянскіх дамах і каталіцкіх кляштарах. Выхад з тэрыторыі Ватыкана пагражаў ксяндзу О'Флаэрці смерцю — кіраўнік нацыскай службы бяспекі Герберт Каплер даведаўся пра ягоную дзейнасць. Пасля вайны О'Флаэрці наведваў у турме Каплера, які трапіў у палон у 1945 годзе і атрымаў прысуд на пажыццёвае пазбаўленне волі. У 1959 годзе былы нацыст прыняў каталіцтва і быў ахрышчаны ірландскім святаром. У 1983 годзе пра дзейнасць кс. О'Флаэрці падчас вайны быў зняты фільм «Чырвонае і чорнае» («The Scarlet and the Black»). Саўндтрэк да фільма напісаў знакаміты італьянскі кампазітар Эніо Марыконэ. Аляксандр Гелагаеў паводле Ncregister.com |