Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Ватыканскі дыпламат у ААН: тэрарызм прысвойвае сабе рэлігію
Дзяржава Ватыкан
17.05.2016 14:11

«Рэлігійныя лідары і вернікі павінны першымі абвяшчаць, што нікому не дазволена маніпуляваць верай і выкарыстоўваць сакральныя тэксты для апраўдання насілля», — падкрэсліў пастаянны прадстаўнік Апостальскай Сталіцы пры ААН арцыбіскуп Бэрнардзіто Ауса.

Іерарх прыняў удзел у дыскусіі, якая прайшла 11 мая ў Радзе Бяспекі на тэму барацьбы з тэрарыстычнай прапагандай. Ватыканскі дыпламат назваў годнымі асуджэння паводзіны людзей, якія называюць сябе веруючымі і ў той жа час плануюць або здзяйсняюць учынкі, што супярэчаць фундаментальным правам і годнасці чалавека.

Арцыбіскуп падкрэсліў, што рэлігійныя ўлады павінны выкрываць памылковыя і ідэалагічныя інтэрпрэтацыі веры, якія на самой справе з’яўляюцца блюзнерствам. Іерарх указаў на фундаментальнае значэнне адукацыі ў сферы барацьбы з тэрарыстычнай прапагандай. Вярбоўка ў тэрарыстычныя групоўкі галоўным чынам адбываецца з выкарыстаннем дэзінфармацыі і скажонага тлумачэння гісторыі і сакральных тэкстаў, падкрэсліў дыпламат.

Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы высока ацаніў значэнне Міжнароднай канферэнцыі мусульманскіх вучоных і інтэлектуалаў, якая прайшла ў студзені ў Маракешы, і падпісанай на ёй дэкларацыі аб неабходнасці правядзення мужнага перагляду адукацыйных праграм і выключэння з іх усяго, што правакуе агрэсію і экстрэмізм, вядзе да вайны і хаосу.

«Мая дэлегацыя лічыць, што чым больш адбываецца маніпуляцый рэлігіяй для апраўдання актаў тэрору і насілля, тым больш рэлігійныя лідары павінны прыкладаць намаганні, каб перамагчы тэрарызм, які прысвойвае сабе рэлігію», — сказаў пастаянны назіральнік Святога Пасаду пры ААН у Нью-Ёрку.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.