Канферэнцыя на тэму клопату аб пракажоных пройдзе ў Ватыкане |
Дзяржава Ватыкан |
08.06.2016 13:00 |
Форум пройдзе 9-10 чэрвеня ў Патрыстычным інстытуце «Augustinianum». Яго прэзентацыя прайшла 7 чэрвеня ў Ватыкане. У канферэнцыі прымуць удзел прадстаўнікі Святога Пасаду і вядомыя на міжнародным узроўні спецыялісты, якія будуць размаўляць пра эфектыўную дапамогу хворым і іх блізкім, спосабы інтэграцыі пракажоных у грамадства, праз прызму медыцыны, правоў чалавека і веры. Гаворка пойдзе таксама пра ўклад Каталіцкага Касцёла і іншых рэлігійных супольнасцяў у справу клопату аб хворых. Прагучаць сведчанні прадстаўнікоў асацыяцый, няўрадавых арганізацый і саміх асобаў, якія пакутуюць ад праказы. «Узгаданая хвароба застаецца актуальнай медыцынскай праблемай. Хоць сёння яна паддаецца эфектыўнаму лячэнню, асобы, якія яе перанеслі, лічацца "адметнымі" і нярэдка сустракаюцца з сацыяльным адчужэннем», — было адзначана падчас ватыканскай прэзентацыі. Паводле даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, кожны год у свеце выяўляецца каля 200 тыс. новых выпадкаў захворвання на праказу. Каля 9% з іх тычацца дзяцей. |