Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У ватыканскіх архівах знойдзены новыя звесткі пра Францішка Скарыну
Дзяржава Ватыкан
30.06.2016 09:39

Новыя звесткі пра біяграфію і постаць Францішка Скарыны адшукаў Алесь Жлутка, старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Беларусі. Падчас апошняй камандзіроўкі даследчык удакладніў сувязь першадрукара з V Латэранскім Саборам.

На гэты Сабор прыбыла дэлегацыя дацкага караля, у складзе якой быў нейкі Скарына. А праз тры месяцы ўжо дакладна Францішка Скарыну пры абароне доктарскай працы ў Падуі называюць сакратаром дацкага караля Ганса. Ці аб адной і той жа асобе ідзе гаворка ў розных крыніцах? — задаўся пытаннем навуковец.

Падчас працы ў Ватыканскім архіве Алесь Жлутка знайшоў цікавыя дакументы, у якіх сакратар дацкага караля паведамляе аб тым, што да V Латэранскага Сабору жадае далучыцца маскоўскі цар. «Падчас працы з дакументамі высвятляюцца такія цікавыя рэчы, што перад 1508 г. Ёган або Ганс (дацкага караля ў крыніцах называюць і так, і так) прымае ў сябе дэлегацыю ад маскоўскага цара, і паслы просяць яго дамовіцца з Папам Юліем ІІ аб доступе маскоўскага пасольства да Ватыканскага двара. У ходзе гэтых і наступных перамоваў дацкі кароль спрабаваў дамовіцца з Васілём ІІІ аб паяднанні Цэркваў. Пасля дацкі кароль звярнуўся да французскага караля, каб той паспрыяў гэтаму паяднанню і садзейнічаў маскоўскаму цару пры двары Юлія ІІ. У 1509 г. да дацкага двара прыбывае таксама дэлегацыя польскага караля і Вялікага князя Жыгімонта, у падданстве якога на землях Беларусі і Украіны таксама былі праваслаўныя і дзе дакументацыя вялася на лаціне і старабеларускай мове, — спрабуе даследчык спрабуе аднавіць храналогію падзей, якія адбыліся больш за пяць стагоддзяў таму. — Узнікае пытанне: для чаго патрэбны быў Скарына дацкаму каралю ў якасці сакратара? Адказ напрошваецца сам сабой: для дыпламатычных зносінаў з Жыгімонтам і Васілём ІІІ; Скарына выконваў экуменічную місію ў справе паяднання дзвюх галін хрысціянства. Вельмі верагодна, што ў Даніі ён і атрымаў медыцынскую адукацыю, каб пасля абараніць дактарат па медыцыне ў Падуі».
 
Атрымаць медыцынскую адукацыю Францішак Скарына мог з 1509 па 1512 гг., але пакуль гэта толькі тэорыя, бо менавіта гэты час яшчэ застаецца белай плямай у яго біяграфіі. У любым выпадку, тое, што Скарына мог быць непасрэдным удзельнікам дацкай дэлегацыі на V Латэранскі Сабор — вельмі важная акалічнасць, лічыць Алесь Жлутка. Гэта не дзіўна: Скарына атрымаў адукацыю і ва ўсходняй, і ў заходняй хрысціянскай традыцыі, вучыўся ў каталіцкіх універсітэтах, працаваў пры дварах дацкага караля і віленскага біскупа, выдаваў Біблію і літургічныя кнігі для праваслаўных вернікаў. «Пашыраецца дыяпазон яго асобы, пашыраецца дыяпазон перамяшчэнняў Скарыны па Еўропе. Гэта кажа аб тым, што ён быў асобай рэнесанснага тыпу. А як вядома, дзеячы Адраджэння ў той час даволі шмат падарожнічалі па Еўропе, набываючы веды і працуючы ў розных галінах. А яго дзейнасць у экуменічным кірунку сведчыць аб шырыні светапогляду, аб яго адкрытасці. Тое, што ён мог удзельнічаць у справе паяднання падзеленых частак хрысціянства напярэдадні новага падзелу, які несла блізкая Рэфармацыя, надае яшчэ большую веліч ягонай постаці», — упэўнены навуковец.

Францішак Скарына — доктар медыцыны і вызваленых навук, магчымы ўдзельнік дыспутаў з Парацэльсам — вядомым містыкам XVI стагоддзя — і Марцінам Лютэрам, велічная, але і таямнічая постаць. Алесь Жлутка прызнаецца, што ісці крок за крокам па слядах першадрукара — гэта нібы разблытваць дэтэктыў, фінал якога на сённяшні дзень не вядомы, бо нават дзе памёр Скарына — пакуль дакладна не вядома. Затое можна амаль з пэўнасцю ўзнавіць звесткі пра першую палову жыцця, у прыватнасці пра тое, дзе Скарына атрымаў першапачатковую адукацыю і рэлігійныя веды. Названы ён быў у гонар св. Францішка Асізскага — апекуна кляштара бэрнардынцаў у Полацку, пры якім і атрымаў веды ў лаціне, а веды ў праваслаўнай традыцыі і ў старабеларускай кніжнай мове — пры адным з полацкіх праваслаўных манастыроў. Стала больш вядома і пра яго магчымага нашчадка Яна Хрызастома Скарыны: у першым зборніку дакументаў, якія датычаць першадрукара, выдадзеным у 1988 г., змешчаны адзін з іх, датаваны 1558 г.

Алесю Жлутку ўдалося ўдакладніць звесткі аб яго паходжанні і даце. «Дакумент гэты быў выдадзены Яну Скарыну як выпускніку “Collegium Urbanum”, заснаванага ў 1627 г., як рэкамендацыя да полацкага арцыбіскупа. Рэкамендацыя падпісана кардыналам Стэфанам Борджыя, які нарадзіўся ў 1731 г. і памёр у 1804 г. У дакуменце Борджыя названы сакратаром Кангрэгацыі пашырэння веры, а стаў ён ім у 1770 г. Такім чынам, сапраўдная дата выдання гэтага дакумента адсоўваецца амаль на два стагоддзі пазней, ён мог з’явіцца толькі ў прамежку паміж 1770 і 1804 гг.», — падлічыў навуковец.

Усе новыя звесткі абавязкова будуць апублікаваны: навукоўцы плануюць выдаць новы зборнік дакументаў аб жыцці і дзейнасці Скарыны, і, магчыма, ён убачыць свет ужо ў 2017 годзе. «Запланавана выданне на новых археаграфічных прынцыпах і адпаведным навуковым узроўні, бо за мінулы з папярэдняга выдання час з’явіліся новыя звесткі, былі знойдзены новыя дакументы. Таксама будуць папраўлены ўжо публікаваныя дакументы, будуць дададзены факсіміле. Трэба проста на новым факталагічным узроўні прадставіць асобу Скарыны», — кажа Алесь Жлутка.

У 2017 годзе будзе адзначацца юбілей першай друкаванай Бібліі Скарыны. Праца па вывучэнні яго біяграфіі вядзецца зараз шматлікімі ўстановамі Беларусі, а ўлічваючы веліч і знакамітасць гэтай постаці, узнікла нават ідэя надаць Нацыянальнаму аэрапорту імя Францішка Скарыны.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.