Прадстаўнік Святога Пасаду: Рашэння па Меджугор’і яшчэ няма |
Дзяржава Ватыкан
|
05.07.2016 15:56 |
Кіраўнік Прэс-службы Святога Пасаду а. Фэдэрыко Ламбардзі паведаміў, што прызначэнне Апостальскага адміністратара для санктуарыя ў Меджугор’і — толькі адна з рабочых гіпотэз; ніякага рашэння па дадзеным пытанні яшчэ не было прынята.
Такім чынам а. Ламбардзі пракаментаваў інфармацыю, якая з’явілася ў СМІ. Святар адзначыў, што калі б такое рашэнне ўступіла ў сілу, гэта азначала б прамое падпарадкаванне санктуарыя ў Меджугор’і Апостальскай Сталіцы. Тым не менш, занадта рана казаць пра стаўленне да меркаваных аб’яўленняў або аб нейкім рашэнні ў найбліжэйшай будучыні.
Меджугор’е знаходзіцца ў дыяцэзіі Мостар у Босніі і Герцагавіне. Па словах маладых жыхароў горада, 24 чэрвеня 1981 г. ім стала аб’яўляцца Маці Божая, перадаючы пасланні. Гэтыя «аб’яўленні», па іх словах, працягваюцца і па сённяшні дзень; яны звязаны не з канкрэтным месцам, бо адбываюцца і за межамі Меджугор’я, а з асобамі візіянераў. Менавіта беспрэцэдэнтная ў гісторыі працягласць такога роду з’яў і адсутнасць іх канчатковага завяршэння з’яўляюцца галоўнымі прычынамі, чаму Касцёл не выказваецца канчаткова на тэму іх звышнатуральнага характару.
Да гэтага часу Апостальская Сталіца прызнае сапраўднай пазіцыю епіскапату былой Югаславіі з 1991 г., згодна з якой нельга пацвердзіць звышнатуральны характар з’яў з Меджугор’я.
18 студзеня 2014 г. завяршыла працу міжнародная камісія пад старшынствам кардынала Каміла Руіні па вывучэнні меркаваных аб’яўленняў. Вынікі яе працы пакуль не былі апублікаваны.
Кожны год у Меджугор’е прыбывае каля 2 млн. чалавек.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
|