Абвешчаны прысуд у ватыканскім судовым працэсе |
Дзяржава Ватыкан
|
08.07.2016 16:20 |
Пасля 21 пасяджэння Трыбуналу Дзяржавы Ватыкан, якія адбыліся на працягу апошніх васьмі месяцаў, вынесены прысуд у судовым працэсе па справе аб распаўсюджванні канфідэнцыйных дакументаў Апостальскай Сталіцы.
Рашэнне па справе, распачатай у лістападзе 2015 г., абвясціў 7 ліпеня старшыня Трыбуналу Дзяржавы Ватыкан Джузэпэ Дала Торэ.
Адзін з трох былых членаў ужо расфарміраванай Камісіі па вывучэнні рэформы эканамічна-адміністрацыйнай структуры Святога Пасаду, фігурантаў справы, — Нікола Маё — быў апраўданы. Іншыя два — кс. прэлат Лусіо Вальехо Бальда і Франчэска Шаўкі — прызнаны вінаватымі. Журналісты Джанлуіджы Нуццы і Эмільяна Фіціпальдзі вызвалены ад абвінавачванняў за адсутнасцю доказаў віны.
Злачынствы былі здзейснены ў перыяд з сакавіка 2013 г. па 5 лістапада 2015 г. На думку ватыканскіх абаронцаў справядлівасці, дакументы прадстаўнікам СМІ перадаваў кс. Бальда. Суд прызначыў для святара 1 год і 6 месяцаў зняволення ва ўмовах адноснай свабоды. Франчэску Шаўкі суд пакараў за «саўдзел у злачынстве». Ватыканскі Трыбунал прызначыў для яе 10 месяцаў зняволення ўмоўна з адтэрміноўкай выканання прысуду на 5 гадоў.
Апраўданыя журналісты Джанлуіджы Нуццы і Эмільяна Фіціпальдзі першапачаткова падазраваліся ў падбухторванні і аказанні ціску на кс. Бальда ў мэтах атрымання інфармацыі і дакументаў канфідэнцыйнага характару, выкарыстаных пасля ў дзвюх кнігах, якія былі апублікаваны ў Італіі ў лістападзе 2015 г. Аднак па выніках следчага працэсу суд прызнаў адсутнасць доказаў іх віны.
Гэта ўжо другі ватыканскі працэс па крадзяжы і распаўсюджванні сакрэтных паведамленняў і дакументаў, якія датычацца істотных інтарэсаў Апостальскай Сталіцы. Першы адбыўся, калі Трыбунал Дзяржавы Ватыкан 6 кастрычніка 2012 г. прысудзіў да 18 месяцаў турмы былога папскага камердынера Паоло Габрыэле. Папа Бэнэдыкт XVI памілаваў яго 22 снежня 2012 г.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
|