Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Пасад: у Касцёле не плануецца ўвядзенне новых літургічных нормаў
Дзяржава Ватыкан
12.07.2016 15:48

Прапанова, якую агучыў кардынал Рабэр Сара адносна вяртання да цэлебрацыі святой Імшы «ad orientem», калі святар звернуты тварам на ўсход, агучаная іерархам 5 ліпеня на канферэнцыі «Sacra Liturgia» у Лондане, многімі была вытлумачана няправільна, заўважыў выконваючы абавязкі кіраўніка Прэс-службы Святога Пасаду.

Айцец Фэдэрыко Ламбардзі палічыў неабходным пракаментаваць пазіцыю прэфекта Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў.

Афіцыйны прадстаўнік Святога Пасаду падкрэсліў, што «кардынал Сара заўсёды апраўдана клапоціцца аб годнай цэлебрацыі літургіі, з адпаведнай павагай і пашанай перад таямніцай Эўхарыстыі». Тым не менш, рэкамендацыя іерарха адносна вяртання да святой Імшы «ad orientem» была ўспрынята як спроба змяніць існуючыя літургічныя нормы.

Айцец Фэдэрыко Ламбардзі спаслаўся на артыкул 299 «Агульных уводзінаў да Рымскага Імшала», у якім сцвярджаецца: «Алтар робіцца аддзеленым ад сцяны, каб можна было зручна абыходзіць вакол яго і цэлебрацыю на ім можна было здзяйсняць, павярнуўшыся да народа, што пажадана рабіць паўсюль, дзе гэта магчыма. Алтар павінен займаць такое месца, каб ён сапраўды з’яўляўся цэнтрам, да якога сама сабою скіроўваецца ўвага ўсёй супольнасці вернікаў».

Таксама і Папа Францішак падчас наведвання рэзідэнцыі Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў нагадваў, што «звычайнай» формай цэлебрацыі святой Імшы з’яўляецца тая, якая ўтрымліваецца ў Імшале, уведзеным Папам Паўлам VI. Яе не павінна вымяшчаць «надзвычайная» форма, дазволеная Папам Бэнэдыктам XVI у асобных выпадках, якія тлумачацца ў дакуменце «Summorum Pontificum».

Такім чынам, «з распачаццем Адвэнту не прадугледжана ўвядзенне новых літургічных нормаў», падсумаваў айцец Ламбардзі. Па словах святара, лепш пазбягаць у дачыненні да літургіі выразу «рэформа рэформы», які і выклікаў двухсэнсоўнасць.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.