Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Апостальская Сталіца спачувае французскаму народу ў сувязі з тэрактам
Дзяржава Ватыкан
15.07.2016 15:29

Апостальская Сталіца выказала салідарнасць з французскім народам у сувязі з тэрактам, які быў здзейснены ў Ніцы ўвечары 14 ліпеня. Па апошніх даных, у выніку злачынства загінулі 84 чалавекі, яшчэ каля 200 атрымалі раненні.

«Гэтай ноччу мы з вялікім хваляваннем сачылі за жудаснымі навінамі з Ніцы. Ад імя Папы Францішка выказваем наш удзел і салідарнасць з пакутамі пацярпелых і ўсяго французскага народа ў гэты дзень, які меўся быць вялікім святам. Мы асуджаем любыя праявы вар’яцкага забойства, нянавісці, тэрарызму і любыя напады на мір», — напісаў выконваючы абавязкі кіраўніка Прэс-службы Святога Пасаду а. Фэдэрыко Ламбардзі.

У Ніцы падчас салюту з нагоды нацыянальнага свята Францыі — Дня ўзяцця Бастыліі — грузавы аўтамабіль на вялікай хуткасці ўрэзаўся ў натоўп людзей і, па словах сведкаў трагічных падзей, тараніў яго амаль два кіламетры, пасля чаго вадзіцель адкрыў агонь па прахожых.

Відавочцы сцвярджаюць, што тэрарыст наўмысна вёў аўтамабіль зігзагамі, каб нанесці смяротныя пашкоджанні як мага большай колькасці людзей. Пазней Прэзідэнт Франсуа Аланд таксама заявіў, што злачынца меў на мэце «забіваць, давіць, знішчаць».

Тэрарыст быў застрэлены супрацоўнікамі паліцыі на месцы трагедыі. Ужо ўстаноўлена яго асоба. Кіроўцам грузавіка аказаўся 31-гадовы француз туніскага паходжання. У МУС Туніса заявілі, што да гэтага часу мужчына не лічыўся ў спісах тэрарыстаў.

Сярод пацярпелых — не менш за 54 дзіцяці; яны дастаўлены ў бальніцы горада. У Францыі аб’яўлена трохдзённая жалоба.

Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё (АлГ)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.