Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Дзяржаўны Сакратар Папы пра сітуацыю ў свеце: Неабходна нанова паставіць у цэнтр чалавека і яго годнасць
Дзяржава Ватыкан
21.07.2016 18:19

Падзеі на сусветнай арэне выклікаюць у нас вялікую занепакоенасць, таму што мы бачым, як павялічваюцца нянавісць і рознагалоссі, становіцца ўсё больш і больш цяжкім вырашэнне канфліктаў на аснове такіх крытэрыяў, як справядлівасць, годнасць і салідарнасць, звярнуў увагу Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці Папы кардынал П’етро Паралін, адказваючы на пытанне журналістаў пра сённяшнія падзеі ў свеце. Размова адбылася 19 ліпеня ў рэзідэнцыі Папскай акадэміі навук у Ватыкане пасля гадавой справаздачы аб навуковай і медыцынскай дзейнасці ватыканскай педыятрычнай бальніцы «Дзіцятка Езуса».

Бліжэйшы супрацоўнік Пантыфіка падкрэсліў, што неабходна нанова паставіць у цэнтр чалавека і яго годнасць. «Пасля таго, што адбылося ў Ніцы, проста няма слоў. На маю думку, гэта праява чыстай нянавісці: так слепа нападаць на людзей, якія святкуюць, учыніць разню на дзецях і старых. На самой справе мы пытаемся, што адбываецца. Мы павінны працаваць разам, каб зразумець прычыны гэтых драматычных і балючых падзей, каб пераадолець іх», — сказаў кардынал.

Па словах іерарха, неабходна прымаць меры на многіх узроўнях, у тым ліку і з удзелам спецслужбаў, для гарантавання бяспекі. У той жа час, аднак, дзеянні павінны быць, у першую чаргу, культурнага характару, каб выкараніць гэтыя з’явы і дапамагчы народам і асобным людзям прыняць адзін аднаго, лічыць кіраўнік ватыканскай дыпламатыі. Дзяржаўны Сакратар нагадаў словы Папы, які падкрэсліў, што нешта павінна быць зроблена, каб адрозненні, якія існуюць, сталі магчымасцю для ўзаемнага ўзбагачэння, а не для баявых дзеянняў і жалобы.

«Адпраўным пунктам з’яўляецца павага да чалавека і яго годнасці. У адваротным выпадку нянавісць, насілле і падзелы будуць расці», — сказаў кардынал П’етро Паралін.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.