Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Ключнік Ватыканскіх музеяў: сярод ключоў — свая іерархія
Дзяржава Ватыкан
27.07.2016 14:13

Джані Крэа — імя ватыканскага супрацоўніка, якое не згадваецца ў навінах аб дзейнасці Святога Пасаду. Тым не менш, яго праца вельмі важная і адказная.

Ён з’яўляецца ключнікам Ватыканскіх музеяў і ведае прызначэнне кожнага з амаль трох тысяч ключоў.

«У Ватыканскіх музеях – 2797 ключоў: трыста выкарыстоўваюцца для адкрыцця і закрыцця асобных залаў. Астатнія захоўваюцца ў спецыяльным сховішчы і бяруцца штотыднёва, каб праверыць, што замкі і самі ключы ў спраўным стане», — патлумачыў Джані Крэа.

Па словах галоўнага ключніка Ватыканскіх музеяў, сярод гэтага мноства ключоў існуе свая іерархія — адны больш важныя за іншыя.

«Ёсць ключ номер 1, які адкрывае выхад з Музеяў, потым ключ 401, якім адкрываецца Музей Пія Клеменціна. І затым ёсць ключ без нумара – ім адкрываецца Сікстынская капэла», — расказаў ён.

Штодня ў 5.45 галоўны ключнік Ватыканскіх музеяў звяртаецца ў Жандармерыю Апостальскай Сталіцы, дзе забірае ключы. Асноўныя ж працоўныя абавязкі падзелены паміж членамі цеснай каманды: у падначаленні Джані Крэа штат з дзесяці чалавек. Ватыканскія музеі падзелены на чатыры сектары, і кожны ключнік адказвае за адкрыццё дзвярэй у пэўнай зоне комплекса.

Падзея асаблівай значнасці — канклаў, сход кардыналаў з мэтай абрання новага Папы. Падчас яго ключнік апячатвае ўсе дзверы вакол Сікстынскай капэлы, каб забяспечыць цішыню і канфідэнцыйнасць усяго, што адбываецца ў ёй.

Ватыканскія музеі былі заснаваны на пачатку XVI ст. Папам Юліем II. Яны аб’ядноўваюць 54 галерэі, у якіх сабраны шэдэўры вялікіх мастакоў, скульптараў і архітэктараў. Штогод музеі наведваюць больш за 5 млн чалавек.

Зараз тут працуе выстава, прысвечаная беларускім старажытным іконам.

Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё (АлГ)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.