Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Матэрыялы ватыканскага праекта па сексуальна-эмацыйным выхаванні — у інтэрнэце
Дзяржава Ватыкан
29.07.2016 11:52

Папская рада па справах сям’і ў рамках Сусветных дзён моладзі ў Кракаве прэзентуе праект па сексуальна-эмацыйным выхаванні падлеткаў і моладзі.

Курс распрацаваны сумесна з экспертамі епіскапату Іспаніі і мае на мэце спрыянне цэласнаму фарміраванню маладых людзей, гарманічнаму развіццю іх эмацыйнасці і сексуальнасці.

Матэрыялы адукацыйна-выхаваўчага курса змешчаны ў інтэрнэце і даступны на пяці мовах — італьянскай, англійскай, іспанскай, французскай і партугальскай. Рэсурсы падзелены на шэсць тэматычных раздзелаў. Разважанні прысвечаны боскай прыродзе чалавека, адэкватнаму ўспрыняццю сябе і іншых, разуменню сутнасці чалавечай свабоды і ўменню разважліва карыстацца гэтым дарам.

Асобныя матэрыялы вучаць маладых людзей здольнасці рабіць правільны выбар у жыцці і ўсведамляць разбуральную моц граху, бачыць у маральным складніку чалавечай прыроды не цяжар, а дапамогу на шляху да будавання годнага жыцця. Нарэшце, праект расказвае пра любоў як пакліканне і скіроўвае маладых люзей да ўсведамлення доўгага і няпростага падарожжа, якое неабходна здзейсніць, каб яе распазнаць, здабыць і навучыцца жыць ёю.

Узбагачаюць змест курса шматлікія мультымедыйныя дадаткі, аб’яднаныя ў плэйліст, які можна знайсці на канале Youtube Папскай рады па справах сям’і.


Намеснік сакратара дыкастэрыі кс. Карлас Сімон Васкес адзначыў, што гэты праект адпавядае ідэі, выказанай Папам Францішкам у дакуменце аб сужэнстве і сям’і «Amoris Laetitia», згодна з якой сексуальнае выхаванне павінна быць уключана ў больш складаную сістэму выхавання любові і ўзаемнаму дарэнню. Святар дадаў, што гэты курс працягне развівацца і ў далейшым будзе ўзбагачацца вопытам тых, хто скарыстаўся магчымасцю яго наведаць.

Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё (АлГ) 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.