Вучні Бэнэдыкта XVI правядуць традыцыйную сустрэчу |
Дзяржава Ватыкан
|
11.08.2016 15:13 |
25 жніўня ў Кастэль Гандольфа каля Рыма пачнецца сустрэча ўдзельнікаў «Кола вучняў Ратцынгера» — аб’яднання паплечнікаў і былых студэнтаў прафесара Ёзэфа Ратцынгера, сённяшняга Папы на пенсіі Бэнэдыкта XVI.
Сёлетняя сустрэча прысвечана сучаснасці і будучыні Еўропы. Асноўнымі дакладчыкамі падчас трохдзённага сходу будуць арцыбіскуп Зальцбургскі на пенсіі Эган Капэляры і рэктар «Istituto Universitario Europeo» у Фларэнцыі прафесар Ёзэф Вейлер. Абодва разгледзяць еўрапейскую тэматыку з розных аспектаў.
Удзельнікі «Кола вучняў Ратцынгера» сустракаюцца рэгулярна з 1977 г. У яго ўваходзяць тыя, хто пад кіраўніцтвам cённяшняга Папы на пенсіі пісалі доктарскія дысертацыі або былі яго асістэнтамі і памочнікамі. Перш чым кардынал Ёзаф Ратцынгер стаў прэфектам Кангрэгацыі Веравучэння, тэолагі сустракаліся раз у месяц. Зараз семінары праводзяцца раз у год. Пасля таго, як Бэнэдыкт XVI адмовіўся ад пасады Біскупа Рыма, ён перастаў прымаць у іх удзел. Сёння Пантыфік на пенсіі толькі цэлебруе Эўхарыстыю са сваімі былымі вучнямі і знаёміцца з вынікамі іх тэалагічных разважанняў.
У мінулым годзе ў гаміліі падчас такой Эўхарыстыі Бэнэдыкт XVI звярнуў увагу на важнасць унутранага ачышчэння чалавека. Па словах Папы на пенсіі, неабходна адказаць «унутранай гігіенай» на шматлікія «хваробы і эпідэміі», а ачышчальную сілу мае, перш за ўсё, Божае слова, у якім чалавек сустракаецца з самім Богам.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
|