«Мы ведаем, што краіна змагаецца з сацыяльнымі, палітычнымі і эканамічнымі цяжкасцямі, якія прыносяць пакуты гэтаму дарагому народу. Мы молімся за яго! Мы молімся за тое, каб галоўныя дзеючыя асобы публічнай сферы і грамадская супольнасць былі мудрымі і мужнымі для адшукання мірнага рашэння існуючага крызісу і мелі на мэце ва ўсіх сэнсах агульнае дабро, справядлівасць, салідарнасць і любоў!» — сказаў Дзяржаўны Сакратар Папы кардынал П’етро Паралін 13 жніўня на святой Імшы на завяршэнне моладзевай сустрэчы ў італьянскай правінцыі Тэрама.
У Тэрама з 9 жніўня дзейнічае намётавы гарадок моладзі, куды прыехалі юнакі і дзяўчаты з Італіі, Венесуэлы і Калумбіі. У праграме — сустрэчы з прадстаўнікамі свету рэлігіі і культуры.
У Венесуэле трывае палітычны крызіс, справакаваны канфліктам паміж кіраўніцтвам і апазіцыяй. Раней выбарчая кааліцыя Венесуэлы «Круглы стол дэмакратычнага адзінства», у склад якой уваходзяць правацэнтрысцкія, цэнтрысцкія і левацэнтрысцкія палітычныя партыі, звярнулася да Апостальскага Нунцыя ў гэтай краіне з просьбай аб пасярэдніцтве ў канфлікце з кіруючымі сацыялістамі і ў працэсе вызвалення палітычных зняволеных.
Таксама і Папа Францішак напісаў ліст да Прэзідэнта Венесуэлы Нікаласа Мадуры, у якім выказваў сваю заклапочанасць сітуацыяй у краіне і заклікаў да дыялогу, а не канфрантацыі. Пазней Пантыфік выказаўся непасрэдна пра ватыканскае пасярэдніцтва ў вырашэнні канфлікту. Падчас вяртання з Кракава 31 ліпеня Папа прызнаўся, што не мае ўпэўненасці ў жаданні бакоў канфлікту прыцягнуць Святы Пасад да працы групы, якая пасярэднічае ў перамовах.
Некалькі месяцаў таму венесуэльскія біскупы звярнуліся да палітычнага кіраўніцтва, каб дазволіла Каталіцкаму Касцёлу арганізаваць дастаўку прадуктаў харчавання і медыкаментаў насельніцтву Венесуэлы, якая, на іх думку, перажывае небывалы эканамічны крызіс.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
|