Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Прэзідэнт Францыі наведаў Ватыкан
Дзяржава Ватыкан
18.08.2016 14:48

17 жніўня Прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд наведаў Ватыкан. Яго суправаджалі міністр унутраных спраў Бернар Казнёў, пасол пры Апостальскай Сталіцы Філіп Цэлер і іншыя асобы.

Прыватная размова французскага лідара з Папам працягвалася каля 40 хвілін. На заканчэнне аўдыенцыі адбыўся абмен падарункамі. Франсуа Аланд падарыў Святому Айцу фарфоравы посуд з гербам Францыі вытворчасці знакамітай Сеўрскай мануфактуры, а Пантыфік — бронзавы медальён са словамі прарока Ісаі аб пустыннай зямлі, якая стане садам, і экземпляры трох сваіх дакументаў: энцыклік «Lumen Fidei», «Laudato si'» i Апостальскай адгартацыі «Amoris Laetitia».

Перад сваім ватыканскім візітам Франсуа Аланд наведаў французскі касцёл св. Людовіка ў Рыме, каб там аддаць пашану ахвярам тэрарызму. У кароткім каментары для журналістаў ён распавёў, што словы Пантыфіка і французскіх біскупаў пасля нядаўніх тэрактаў у Руане і Ніцы былі вельмі важнымі для аб’яднання народа Францыі перад абліччам тэрарыстычных нападаў. Забойства тэрарыстамі каталіцкага святара кс. Жака Амеля палітык назваў ударам не толькі па Касцёле, але і па дзяржаве, якая павінна бараніць людзей.

Франсуа Аланд таксама сказаў, што хацеў паразмаўляць з Папам пра праблемы блізкаўсходніх хрысціян, якім Францыя традыцыйна аказвае падтрымку, аб вырашэнні крызісу ў гэтым рэгіёне і сітуацыі мігрантаў.

Гэта ўжо другая сустрэча Папы Францішка з французскім лідарам. Першы раз Пантыфік прымаў яго на аўдыенцыі ў студзені 2014 г.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.