Група ватыканскіх пажарнікаў, якая была накіравана на дапамогу ў
пераадоленні наступстваў землятрусу ў цэнтральнай Італіі, выратавала
з-пад руінаў трохгадовага хлопчыка. На жаль, яго сям’я — бацька, маці і
дзесяцігадовая сястра — загінулі. Аб гэтым распавёў «L’Osservatore Romano» інжынер-геадэзіст ватыканскага пажарнага корпуса Арландо Лаціні. «Дзеці спалі ў адным пакоі. Неверагодна, што малыш здолеў выжыць», — падзяліўся ратавальнік.
Паводле яго слоў, сітуацыя ў рэгіёне драматычная. «Тут нібыта прайшла вайна, або нават горш, бо вайна пакідае цэлымі прынамсі некаторыя дамы, а тут проста суцэльныя руіны», — сказаў ён.
Ватыканская пажарная група, якая складаецца з шасці чалавек, працавала ў мястэчку Касале, а затым была пераведзена ў Аматрычэ, якое найбольш пацярпела ад землятрусу. Яна задзейнічана ў пошуку выжыўшых і даставанні іх з-пад завалаў, разбіранні руінаў і транспартаванні цяжкіх абломкаў у бяспечныя месцы.
Група прымала ўдзел у будаўніцтве намётавага мястэчка для пацярпелых. Па словах Арландо Лаціні, праца працягвалася да 3 гадзін ночы, а пасля кароткага адпачынку ў машыне, з першымі промнямі сонца, ратавальнікі зноў прыняліся да выканання сваёй місіі.
«Канешне, мы пакліканы таксама несці маральную падтрымку. Людзі шакаваныя. Тыя, хто вяртаецца да сваіх разбураных дамоў, пачынаюць няспынна плакаць, і мы намагаемся падтрымаць іх, прынамсі словамі суцяшэння», — распавёў пажарнік. Ён адзначыў, што з Ватыкана было прывезена шмат ружанцаў і абразікаў, благаслаўленых Пантыфікам, якія праз мясцовых святароў раздаюцца ахвярам землятрусу.
Папскія пажарнікі не ў першы раз аказваюць дапамогу ў пераадоленні наступстваў землятрусаў у Італіі. Аналагічная падтрымка была прадстаўлена ў 2009 г. падчас землятрусу ў Аквіле.
25 жніўня Папа Францішак накіраваў на месца бедства шэсць ватыканскіх жандармаў. Рыхтуюцца да адпраўкі таксама ватыканскія ўрачы, чакаючы указанняў італьянскай Грамадзянскай абароны. Корпус Папскай швейцарскай гвардыі арганізаваў збор крыві для пацярпелых.
На цяперашні час вядома пра 268 загінуўшых і 387 параненых. 238 чалавек дасталі з-пад завалаў жывымі.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
|