Прадстаўнік Ватыкана прыняў удзел у сустрэчы ўдзельнікаў АБСЕ |
Дзяржава Ватыкан |
07.09.2016 12:13 |
Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі арцыбіскуп Пол Рычард Галахер прыняў удзел у нефармальнай сустрэчы міністраў замежных спраў дзяржаў-удзельніц Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, якая прайшла 1 верасня ў Патсдаме па ініцыятыве Дзеючага старшыні АБСЕ Федэральнага міністра замежных спраў Германіі Франка-Вальтэра Штайнмаера. «Мерапрыемства праходзіла ў межах падрыхтоўкі да сустрэчы кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў дзяржаў-удзельніц АБСЕ, якая пройдзе 8-9 снежня ў Гамбургу, каб даць імпульс дыялогу паміж удзельнікамі гэтай арганізацыі адносна выклікаў еўрапейскай бяспекі і вырашэння актуальных пытанняў: бежанцаў і мігрантаў, украінскага крызісу і “замарожаных канфліктаў”, а таксама ўмацавання самой АБСЕ», — гаворыцца ў спецыяльным паведамленні Залы Друку Святога Пасаду. У рамках свайго візіту ў Германію ватыканскі дыпламат наведаў сядзібу Фонда імя Конрада Адэнаўэра ў Берліне, з членамі якога абмеркаваў некаторыя міжнародныя праблемы, сітуацыю Каталіцкага Касцёла ў некаторых краінах і дзейнасць Апостальскай Сталіцы на міжнароднай арэне. Арцыбіскуп Галахер наведаў парламент Германіі і сустрэўся са старшынёй Камітэта па замежных справах Бундэстага Норбертам Ротгенам. Прадстаўнік Святога Пасаду таксама меў магчымасць сустрэцца са старшынёй Фонда прускай культурнай спадчыны прафесарам Германам Парцынгерам, дырэктарам Музея мусульманскага мастацтва прафесарам Стэфанам Вэберам і прыняў удзел у экскурсіі па гэтым музеі, якую правялі сірыйскія і іракскія бежанцы — удзельнікі інтэграцыйнага праекту «Multaka». Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (MV) |